Пра гэта заявіў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук 11 лістапада на брыфінгу ў Мінску, каментуючы запланаваныя змяненні і дапаўненні ў правілы прыёму ў беларускія ВНУ.

«Варта падумаць над тым, каб рэалізаваць у сістэме вышэйшай адукацыі галоўны прынцып — прынцып ведаў», — сказаў ён.

Паводле слоў першага намесніка міністра, прапановы аб змене правілаў прыёму былі распрацаваны спецыяльнай камісіяй з удзелам усіх зацікаўленых ведамстваў, зараз яны праходзяць узгадненне і павінны быць прыняты да канца года.

У прыватнасці,

прапануецца адмяніць большасць ільгот пры паступленні ў ВНУ.

Паводле слоў прадстаўніка Мінадукацыі, мяркуецца скасаваць раздзельны конкурс пры паступленні ў ВНУ для выпускнікоў сельскіх і гарадскіх школ. Раней ён праводзіўся, калі балы сельскіх выпускнікоў, набраныя падчас уступнай кампаніі, былі ніжэйшыя за балы гараджан. Такое новаўвядзенне першы намеснік міністра растлумачыў тым, што практыка апошніх гадоў паказвае збліжэнне балаў у вяскоўцаў і гараджан. Напрыклад, сёлета ў БДУ па агульным конкурсе ажыццяўлялася залічэнне па 24 спецыяльнасцях з 52, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Танка — па 17 спецыяльнасцях з 40. Як адзначыў Жук, у 1,5 разу за некалькі гадоў вырасла колькасць сельскіх абітурыентаў. «Тая палітыка, якая праводзілася па стварэнні аграгарадкоў, узбуйненні школ, павышэнні якасці адукацыйнага працэсу, прывяла да таго, што сёння выпускнікі сельскіх школ падрыхтаваны гэтак жа добра, як і выпускнікі гарадскіх школ», — сказаў першы намеснік міністра.

Як заявіў Жук, плануецца захаваць ільготы на паступленне для пераможцаў рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд. «Гэта сапраўды таленавітыя дзеці, якія шмат гадоў паспяхова працуюць, сур’ёзна рыхтуюцца, пацвярджаюць свой узровень ведаў на самым высокім узроўні», — сказаў ён. Акрамя таго, захаваюцца льготы па залічэнні на спартыўныя спецыяльнасці ВНУ і ССНУ для пераможцаў міжнародных спаборніцтваў узроўню чэмпіянату свету, Алімпійскіх гульняў.

Ільготы пазаконкурснага залічэння мяркуецца таксама захаваць у ВНУ першага патоку МУС, МНС, Мінабароны, Дзяржпагранкамітэта для ваеннаслужачых, якія праходзяць тэрміновую службу ва Узброеных сілах, органах пагранічнай службы і некаторых іншых.

У поўным аб’ёме сацыяльныя льготы будуць захаваны пасля паступлення ў ВНУ.

Ільготы на паступленне па-за конкурсам у поўным аб’ёме захаваюцца пры паступленні ў ССНУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?