Пра гэта заявіў першы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Жук 11 лістапада на брыфінгу ў Мінску.

Паводле яго слоў, у апошнія гады ў Беларусі з ВНУ адлічваецца «даволі шмат» студэнтаў, у тым ліку першакурснікаў. Як правіла, большасць адлічваецца па непаспяховасці. Гэта ў першую чаргу тыя студэнты, якія мелі нізкія балы пры паступленні. «Ёсць выпадкі, калі абітурыент, маючы 1, 2, 3 балы (са 100 магчымых па адным прадмеце), станавіўся студэнтам», — сказаў Жук. Такія абітурыенты «быццам бы залічаны, але па сваім узроўні падрыхтоўкі не цягнуць, у выніку адзін-два семестры яны вучацца і іх адлічваюць», адзначыў першы намеснік міністра.

Ён паведаміў, што ў сувязі з гэтым у прапановах па змяненні правілаў прыёму паступлення ў ВНУ прадугледжаны патрабаванні да ўзроўню ведаў абітурыента: плануецца ўстанавіць ніжні дапушчальны парог балаў на ўступных іспытах. Чакаецца, што ніжнюю мяжу балаў будзе вызначаць Міністэрства адукацыі сумесна з Дзяржаўнай камісіяй па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах.

«Можа быць, будзе вызначаны нейкі адзіны працэнт ад ліку абітурыентаў, якія здаюць тэст па тым ці іншым прадмеце, ніжэй за які адзнакі будуць лічыцца адмоўнымі», — сказаў Жук. Паводле яго слоў, напэўна, ніжнія межы будуць рознымі для розных прадметаў: ёсць больш лёгкія, і больш складаныя дысцыпліны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?