Беларусь у перспектыве павінна стаць касмічнай дзяржавай, якая мае, магчыма, не адзін касмічны апарат і валодае сваёй сістэмай кіравання спадарожнікамі. Такую думку выказаў 2 лютага кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытанню стварэння Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. У цэнтры ўвагі знаходзіліся перспектывы развіцця касмічнай галіны краіны ў цэлым, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе беларускага лідэра.

Апошнім часам усё больш краін імкнецца папоўніць клуб касмічных дзяржаў. Толькі ў бліжэйшыя 10 гадоў плануецца запуск каля 300 спадарожнікаў сувязі і 260 касмічных апаратаў дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.

Беларусь ужо шмат зрабіла ў плане развіцця касмічных тэхналогій. Пры гэтым нараўне са значным пазітыўным вопытам ёсць, на жаль, і негатыўны — няўдалы запуск Беларускага касмічнага апарата, які адбыўся не па віне нашай краіны.

Адкрываючы нараду, прэзідэнт заявіў аб неабходнасці аб’ектыўна прааналізаваць сітуацыю і выпрацаваць дакладныя крокі ў гэтай сферы.

«Цяперашняя сітуацыя ў эканоміцы Беларусі і ў адносінах з Расіяй, запатрабуе, відаць, унясення пэўных карэктываў у раней намечаныя планы развіцця касмічнай галіны ў нашай краіне», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: «Неабходна вызначыць, ці будзем мы далей працаваць над праектам аналага нашага першага спадарожніка «БелКА» або ж возьмемся за стварэнне больш дасканалага касмічнага апарата з распазнавальнай здольнасцю мэтавай апаратуры да 1 м? У свеце такіх аналагаў — адзінкі. Ці абмяжуемся мы адным праектам або замахнёмся на больш маштабную праграму па стварэнню некалькіх касмічных апаратаў?»

Асаблівую ўвагу, паводле слоў беларускага лідэра, трэба ўдзяліць пытанню гарантыі надзейнасці і безаварыйнага запуску на арбіту касмічнага апарата. «З кім і на якіх умовах мы будзем рэалізоўваць свае праекты — будзе гэта Расія, Кітай, Украіна або іншыя? Наколькі дасканала пралічаныя, абгрунтаваныя і, што не менш важна, перспектыўныя прапануемыя варыянты?» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Цікавасць да гэтага беларускага праекта ўжо праявілі замежныя краіны. Так, садзейнічанне ў запуску новага спадарожніка прапанавала Францыя.

Аляксандр Лукашэнка перакананы, што ў выпадку запуску касмічнага апарата, а тым больш некалькіх, у інтарэсах Беларусі мець і ўласны наземны комплекс кіравання. На сённяшні дзень комплекс кіравання ўключае не толькі беларускі сегмент, але і значную расійскую частку.

Прэзідэнт заявіў таксама аб неабходнасці мадэрнізацыі і даабсталявання беларускіх прадпрыемстваў і арганізацый, якія могуць выконваць айчынныя і замежныя заказы на стварэнне касмічнай апаратуры.

Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням страхавання аб’ектаў касмічнай тэхнікі ў час выпрабаванняў, запуску і эксплуатацыі. Як заявіў прэзідэнт, страты Беларусі ад няўдачнага запуску спадарожніка «БелКА» поўнасцю кампенсаваны страхавымі кампаніямі, як айчыннымі, так і замежнымі.

У рэспубліцы павінна весціся актыўная работа па пошуку пазабюджэтных рэсурсаў і прыцягненню замежных інвестыцый для развіцця айчыннай касмічнай галіны. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, Беларусь разгледзіць любыя інвестыцыйныя прапановы.»Ад якіх бы дзяржаў прапановы ні зыходзілі, іх трэба прымаць. Гэта рэальная высокатэхналагічная ніша, якую дзяржаве трэба падтрымліваць. Але яна павінна быць высокарэнтабельная», — падкрэсліў ён.

Удзельнікі нарады абмеркавалі канкрэтныя напрамкі, па якіх будзе распрацоўвацца Нацыянальная касмічная праграма. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ў яе аснову павінны быць пакладзены патрэбнасці краіны ў выкарыстанні касмічных даследаванняў як для забеспячэння надзейнай абараназдольнасці дзяржавы, так і для стымулявання найноўшых навукаёмістых тэхналогій у вытворчай і іншых сферах народнай гаспадаркі.

Запуск новага спадарожніка, як заявіў кіраўнік дзяржавы, павінен стаць яшчэ і важным камерцыйным праектам. Гэты касмічны апарат дасць магчымасць не толькі збіраць неабходную інфармацыю для сваіх патрэб на тэрыторыі рэспублікі і за яе межамі, але і працаваць пад заказ.

Перш чым рабіць чарговы крок, Беларусь павінна мець рынак збыту гэтай прадукцыі. «Наша касмічная сістэма павінна быць запатрабавана, тады яна будзе акупляцца і прыносіць вялікія даходы. Гэта сфера вельмі важная: яна будзе падштурхоўваць развіццё навукі, высокатэхналагічных галін і прыцягваць у краіну грошы», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Па выніках абмеркавання прэзідэнт прыняў рашэнне аб прадаўжэнні развіцця касмічнай галіны. У прыватнасці, будуць ажыццёўлены работы па вытворчасці і запуску беларускага касмічнага апарата па характарыстыках, блізкіх да першага спадарожніка «БелКА». Аднак з улікам сур’ёзных навуковых дасягненняў, зробленых апошнім часам, апарат будзе значна ўдасканалены, а яго магчымасці будуць пашыраны.

Праект стварэння і запуску першага спадарожніка «БелКА» каштаваў $16 млн. Новы апарат з улікам больш сучасных тэхналогій і рашэнняў ацэньваецца папярэдне $18 млн. Канчатковыя лічбы будуць вызначаны кантрактам.

Важна і тое, што аналагічны спадарожнік стварае Расія. Такім чынам, наш спадарожнік будзе ўключаны ў арбітальную групоўку, што значна павышае камерцыйную запатрабаванасць вынікаў работы на арбіце.

Паралельна будуць рэалізоўвацца іншыя важныя праекты. Па‑першае, будзе ажыццяўляцца праектаванне беларускага спадарожніка з распазнавальнай здольнасцю мэтавай апаратуры 1 м (распазнаванне ў два разы лепш, чым у спадарожніка «БелКА»). Акрамя таго, трэба будзе стварыць поўнамаштабны наземны комплекс кіравання — гэта будзе поўнасцю незалежная нацыянальная сістэма прыёму і перадачы інфармацыі на борт касмічнага апарата.

Паводле слоў старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча, гэта прадугледжвае і больш заказаў для беларускіх спецыялізаваных прадпрыемстваў, якія вырабляюць мэтавую апаратуру і іншыя камплектуючыя для двух новых спадарожнікаў — беларускага і расійскага.

Міхаіл Мясніковіч асабліва адзначыў, што інтарэс да касмічнага праекта Беларусі з боку замежных дзяржаў вельмі вялікі. «Шэраг прадпрыемстваў ужо атрымалі заказы на вырабы, аналагічныя тым, што былі выкарыстаны для спадарожніка «БелКА». Рэзананс у спецыялізаваных арганізацыях вельмі высокі і адносна мэтавай апаратуры, і ў частцы сістэмы апрацоўкі і распаўсюджвання касмічнай інфармацыі. Паступаюць звароты як з боку дзяржаў, якія не маюць касмічных тэхналогій, так і ад касмічных дзяржаў. Тут галоўнае — не адстаць, ісці ў нагу з часам, а беларускія распрацоўкі ў многім арыгінальныя», — падкрэсліў ён.

Прэзідэнт паставіў задачу стварыць спадарожнік з распазнаваннем 2,1 м не больш як за 2,5 года. Выраб спадарожніка з распазнавальнай здольнасцю мэтавай апаратуры 1 м зойме каля 4‑4,5 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?