Еўрасаюз можа дадаць у спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, яго намесніка Уладзіміра Сямашку і старшыню Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага, паведамляе брусельскае інтэрнэт-выданне EUobserver са спасылкай на крыніцу ў еўрапейскіх дыпламатычных колах.

Мясніковіч, Сямашка і Рачкоўскі могуць быць унесеныя ў спіс як асобы, якія «наўпрост маюць дачыненне да схем асабістага абагачэння Лукашэнкі».

EUobserver нагадвае, што ў спісе асоб, якім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, ужо ўключана 245 прозвішчаў. «І ўсё яшчэ ёсць шмат людзей для ўнясення туды. Кіраўнікі місій у Мінску (паслы краін ЕС. — БелаПАН.) пастаянна працуюць, прысылаючы ў Брусель спісы. Новыя імёны могуць з’явіцца ў спісе ў найбліжэйшыя некалькі дзён або тыдняў», — сказала крыніца EUobserver.

Акрамя таго, паведамляе EUobserver, спіс могуць папоўніць беларускія бізнесмены, набліжаныя да Лукашэнкі. У іх ліку называюцца

ўладальнік групы кампаній «Трайпл» Юрый Чыж, старшыня савета дырэктараў ААТ «Амкадор», член Савета Рэспублікі Аляксандр Шакуцін, уладальнік кампаніі «Тытунь-Інвест» і брэнда «Карона» Павел Тапузідзіс, гендырэктар СП ТАА «Санта-Імпэкс Брэст» Аляксандр Машэнскі.

Як адзначае брусельскае выданне, жорсткая рэакцыя ЕС непазбежная, калі праваабаронца Алесь Бяляцкі,

судовы працэс над якім праходзіць цяпер у Мінску, будзе асуджаны.

Мая Качыянчыч, прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, пракаментавала БелаПАН гэтую інфармацыю наступным чынам: «Нашы абмежавальныя меры пастаянна пераглядаюцца ў святле новай інфармацыі або новага развіцця падзей на месцах. Гэта ўсё, што я магу сказаць».

* * *

Нагадаем, палітычнае рашэнне аб размарожванні візавых і эканамічных санкцый адносна Беларусі было прынятае Саветам ЕС 31 студзеня ў Бруселі, калі міністры замежных спраў краін Еўрасаюза зацвердзілі спіс беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека ў ходзе прэзідэнцкай кампаніі. Гэтым асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕС, а іх рахункі і маёмасць у краінах ЕС павінны быць замарожаныя. Першапачаткова ў спісе было 158 імёнаў. Потым Савет ЕС неаднаразова пашыраў гэты пералік.

Апошні раз візавы спіс пашыраўся 20 ліпеня. У яго былі дабаўленыя суддзя і два пракуроры — удзельнікі працэсаў па справе аб масавых беспарадках 19 снежня, а таксама бізнесмен Уладзімір Пефціеў. Ён фігуруе ў спісе як «асоба, звязаная з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сям’ёй». «Галоўны эканамічны дарадчык прэзідэнта Лукашэнкі і ключавы фінансавы спонсар рэжыму Лукашэнкі. Старшыня савета акцыянераў „Белтэхэкспарту“, найбуйнейшай у Беларусі кампаніі імпарту-экспарту ўзбраенняў», — заўважаюць у ЕС. Санкцыі ЕС таксама былі накладзеныя на тры беларускія кампанія, падкантрольныя Пефціеву, — ЗАТ «Белтэхэкспарт», ЗАТ «Спорт-пары» і ПУП «БТ Тэлекамунікацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?