Апублікаваўшы мемуары, экс-прэзідэнт Літвы Валдас Адамкус наклікаў на сваю галаву непрыемнасці. Сярод іншага, у кнізе «Апошні тэрмін паўнамоцтваў. Дзённікі прэзідэнта» прыводзяцца раней невядомыя звесткі пра беларуска-літоўскія адносіны.

На мінулым тыдні Генпракуратура Літвы папрасіла Дэпартамент дзяржбяспекі высветліць, ці не раскрыў Валдас Адамкус у сваёй кнізе дзяржаўную таямніцу. А літоўскія кніжныя крамы і выдавецтва абляцелі чуткі пра тое, што мемуары могуць быць забароненыя. «Тым не менш, кніга ўжо практычна змеценая з паліц, а яе выдаўцы плануюць другі выпуск вялікім накладам», — піша Delfi.

Кніга расказвае пра тое, напрыклад, як Валдас Адамкус прымусіў суд дазволіць праслухоўванне тэлефонных размоваў беларускіх дыпламатаў, якіх ён палічыў шпіёнамі.

Шэсць гадоў таму Адамкуса праінфармавалі аб тым, што «старшыня Віленскага акруговага суда Артурас Шумскас, грунтуючыся на гарантаваны Венскай канвенцыяй, адмовіўся санкцыянаваць сачэнне за замежнымі агентамі, што прыкрываліся дыпламатычным імунітэтам, — не дазволіў праслухоўваць іх размовы».

Аднак дарадцы Адамкуса палічылі такую інтэрпрэтацыю Венскай канвенцыі памылковай.

«Дыпламатычны імунітэт не азначае, што замежныя агенты, прыкрываючыся ім, могуць свабодна займацца шпіянажам. А ўчора скончыўся дазвол праслухоўваць размовы падазраваных беларускіх агентаў. Па логіцы Вільнюскага акруговага суда, з гэтага часу яны могуць займацца шпіянажам без назірання і без абмежавання», — пісаў у сваім дзённіку прэзідэнт Літвы.

«Я выклікаў старшыню Вярхоўнага суда Вітаўтаса Грэйчуса і старшыню Віленскага акруговага суда Артураса Шумскаса. У апошняга я папрасіў растлумачыць матывы рашэння не санкцыянаваць праслухоўванне. Я прама сказаў, што гэта пагражае Літоўскай дзяржаве. Пасля паўгадзіннага тлумачэння я пачуў, што суд дазволіць праслухоўваць размовы шпіёнаў», — працягваў ён.

Апісаная сустрэча адбывалася 7 красавіка 2005 года.

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных назваў інфармацыю аб праслухоўванні беларускіх дыпламатаў у Літве «сумным фактам».

«Такія факты, на жаль, сустракаюцца, у тым ліку — і ў краінах Захаду. Нам такая практыка вядомая. Мы ўспрымаем яе як непажаданую, але, тым не менш, ўлічваем», — паведаміў ён Naviny.by.

Беларуска-літоўскім адносінам прысвечана яшчэ некалькі старонак мемуараў Адамкуса. Б

ылы прэзідэнт піша і пра тое, як тры гады таму высокапастаўленыя службовыя асобы Беларусі, Літвы і Польшчы таемна дамовіліся абмяняцца затрыманымі агентамі спецслужбаў.

У чэрвені 2008 года дырэктар Дэпартамента дзяржбяспекі Повілас Малакаускас паведаміў Валдасу Адамкусу аб сваіх перамовах з кіраўніком беларускай спецслужбы з нагоды затрыманага ў Літве генерала КДБ і затрыманага ў Минску супрацоўніка літоўскага ДДБ.

«Сустрэўся з гендырэктарам ДДБ Повілас Малакаускасом, які толькі што вярнуўся з Мінска. Ён там неафіцыйна вёў перамовы з кіраўніком спецслужбаў Беларусі. Такія перамовы спатрэбіліся, каб мы маглі абменьвацца затрыманымі асобамі», — пісаў Адамкус.

«Нядаўна Літва на сваёй тэрыторыі затрымала генерала КДБ Беларусі. Па просьбе палякаў мы перадалі яго Польшчы. У адплату беларусы затрымалі былога супрацоўніка нашага ДДБ і пасадзілі яго ў турму. З Мінска мы атрымалі прапанову абмяняцца затрыманымі ...
Мяне папрасілі пагаварыць аб гэтым з прэзідэнтам Польшчы Лехам Качыньскім. Я так і зрабіў. Палякі будуць судзіць беларуса, але ў турме трымаць не будуць — перададуць нам, а мы памяняем яго на нашага », — гаворыцца ў дзённіку.

Верагодна, кіраўнік спецслужбаў Беларусі, пра якога ідзе гаворка ў дзённіку Валдаса Адамкуса, — гэта старшыня КДБ, якім у апісваны перыяд быў Юры Жадобін. У ходзе другой неафіцыйнай сустрэчы ў Мінску кіраўнікі беларускай і літоўскай спецслужбаў з воку на вока «абмеркавалі магчымасць абмену інфармацыяй, намецілі «чырвоную лінію», да якога часу магчыма супрацоўніцтва. Малакаускас сказаў, што яго калега беларус — давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі».

Ці з’яўляюцца гэтыя і іншыя звесткі з кнігі Валдаса Адамкуса дзяржаўнай таямніцай Літвы, вызначыць Дэпартамент дзяржбяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?