На мінулым тыдні Расія падпісала доўгачаканае пагадненне з Грузіяй, якое адчыняе шлях да сяброўства РФ у Сусветнай гандлёвай арганізацыі. Адначасова з гэтым адна з найбольш гучных тэмаў у навінах маскоўскіх СМІ — суд паміж Раманам Абрамовічам і Барысам Беразоўскім, які адбываецца ў Лондане і выкрывае цікавыя дэталі закулісся расійскай палітыкі і буйнага бізнэсу дзесяцігадовай даўніны.

Абедзве гэтыя з’явы — на маю думку, пераканаўчыя прыклады таго, як глабалізацыя, а, дакладней,

інтэграцыя Расіі ў міжнародныя інстытуты, цяпер з’яўляецца адным з самых важных фактараў яе развіцця
на фоне абмежаваных унутраных стымулаў да пераўтварэнняў.

Далучэнне Расіі да СГА не толькі спросціць жыццё расійскім металургам і вытворцам угнаенняў, якім скасуюцца драконаўскія антыдэмпінгавыя тарыфы на замежных рынках.

Членства ў СГА здыме шэраг штучных перашкодаў для імпарту замежных тавараў у Расію, што знізіць спажывецкія цэны і прывядзе да падвышэння канкурэнцыі.
Гэта бясспрэчна ўдыхне крыху свежага паветра ў манапалізаваную і карумпаваную расійскую эканоміку. Расійскім прадпрыемствам давядзецца мабілізоўвацца і падвышаць сваю эфектыўнасць — у сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве гэта бясспрэчна вялікі плюс (цікавая гутарка на тэму — тут).
Замежныя суды (перадусім у Лондане і Стакгольме) ўсё часцей выкарыстоўваюцца як пляцоўка для разбіральніцтваў паміж буйнымі расійскімі прадпрымальнікамі,
чыя вера ў нейтральнасць і аб’ектыўнасць расійскіх судоў застаецца нізкаю. Беразоўскі і Абрамовіч — толькі адзін з многіх прыкладаў. Магчыма, што многія рэчы, якія гучаць на гэтым працэсе, за якім сочыць уся Расія, не прагучалі б у судзе на тэрыторыі РФ — вось яшчэ бонус ад глабалізацыі і непазбежнага больш шчыльнага прывязвання Расіі да Захаду.
Працэс міжнароднай інтэграцыі Расіі будзе працягвацца, бо ён адпавядае інтарэсам расійскай эліты,
якая не перастае арыентавацца на заходнія спажывецкія стандарты, заходнюю адукацыю і грамадскія і эканамічныя інстытуты — якая хоча адчуваць сябе жыхарамі Еўропы насуперак любому рэакцыянізму ў рыторыцы тых ці іншых дзяржаўных дзеячоў. На парадку дня стаяць нават перамовы пра ўвядзенне бязвізавага рэжыму Расіі з Еўрапейскім звязам.
Па чутках, у маскоўскіх кансулятах некаторых заходнееўрапейскіх краінаў цяпер нават вагаюцца наконт закупу дарагога абсталявання для зняцця біяметрычных дадзеных
 — навошта траціцца, калі праз пару гадоў шэнгенскія візы для расійцаў могуць скасаваць?

Вядома, немагчыма гэтаксама заняцца тым, што ў дзелавой тэрміналогіі завецца «аўтсорсынгам», у дачыненні да інстытутаў грамадзянскай супольнасці і пагатоў палітычнай культуры. Але паціху рухаць і гэтыя рэчы глабалізацыя таксама здольная. Галоўнае, каб гэтым разам бог усё ж даў Расіі гадоў хаця б дзесяць «покоя, внутреннего и внешнего».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?