Добра што ў Беларусі хоць вады багата!

На такую думку наштурхнула старое фота з асабістага альбома.

У стасунках з Расеяй мы зьведалі ўжо і газавую, і нафтавую, і цукровую вайну.

А вось водную зброю Масква наўрад ці скарыстае.

Між тым Турцыя ў свой час ні многа ні мала перакрыла Сырыі Эўфрат :)

Было гэта на пачатку 90-х, калі туркі збудавалі на легендарнай рацэ плаціну Атацюрка — адну з 22 у межах амбіцыйнага праекту GAP. Ён быў закліканы ўдыхнуць жыцьцё ў бедныя, выпаленыя сонцам раёны паўднёва-усходняй Анатоліі.

Мне давялося трапіць улетку 1992 году на пуск той плаціны.

Сказаць, што было горача, — гэта нічога не сказаць. 46 градусаў ў цені! Навокал жа ня тое што ні дрэўца — ані травінкі! Каменьне ды пясок.

Праўда, нас, замежных журналістаў, ўзнагародзілі прывілеямі.

Па-першае, раздалі паласатыя бел-чырвоныя (пад колеры турэцкага сьцяга) парасоны, каб схавацца ад зьнішчальнага сонца. А звыш таго — увогуле фантастыка! — яшчэ і пачаставалі халодным півам у запацелых бляшанках.

Шараговыя туркі ў чаканьні прэзыдэнта ды прэм'ера смажыліся на сонцы, сузіраючы канцэрт на імправізаванай сцэне. Там пад грукат бубна ды пранізлівую мэлёдыю нейкага фальклёрнага інструмэнта зухавата выкідвалі каленцы танцоры ў экзатычных строях. Самае дзіўнае, што на іх смуглых тварах не заўважалася ні кроплі поту.

Месца ўрачыстасьці было шчыльна аточана паліцыяй, а навакольныя вышыні асядлала рэгулярнае войска.

Гаспадары мерапрыемства страшэнна баяліся, што паднясуць сюрпрыз курдзкія тэрарысты.

Дарэчы, якраз гэтая праблема і азмрочвала стасункі між Анкарой і Дамаскам. Туркі закідалі сырыйцам тое, што яны патуралі Курдзкай працоўнай партыі і нават разьмясьцілі на сваёй тэрыторыі базы ейных баявікоў.

Але Анкара хутка знайшла ахілесаву пяту суседзяў. Пабудаваўшы плаціну Атацюрка, пад маркай напаўненьня вадасховішча сырыйцаў на месяц пакінулі без Эўфрата. Тым заставалася толькі сузіраць сухое рэчышча.

Экспэрты загаварылі пра "водную зброю Анкары".

Быў пэрыяд, калі краіны стаялі і на мяжы сапраўднай, клясычнай вайны.

Потым туркі спаймалі правадыра Курдскай працоўнай партыі Аджалана, і стасункі між Дамаскам ды Анкарой пакрысе ўлагодзіліся. Сёньня краіны ўжо ладзяць сумесныя праекты ў энэргетычнай сфэры.

P.S. А той бела-чырвоны парасон я прывёз як сувэнір ў Менск. Празь некалькі гадоў дачка пайшла зь ім на мітынг (церусіў дожджык), і міліцыянты парасон адабралі. Палічылі нацыяналістычнай сымболікай :)

Дачка даводзіла: на ім жа паўмесяц намаляваны! Але на такія тонкасьці міліцыянты зважаць ня сталі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?