Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда вынесла прысуд 56-гадоваму жыхару Мінска, які забіў з асаблівай жорсткасцю сваю старую маці.

Злачынства было здзейснена ў Пружанах, куды абвінавачваны, лекар па прафесіі, кандыдат медыцынскіх навук, прыехаў у госці да сваёй 75-гадовай маці, якая жыла ў прыватным доме.

1 красавіка ў гаспадарчай пабудове ў двары дома падчас сваркі з маці ён збіў яе і падпаліў. Жанчына памерла ад траўматычнага шоку, выкліканага збіццём і тэрмічнымі апёкамі каля 80% цела.

Затым на ганку хаты мінчанін ударыў 84-гадовага мужчыну, які пражываў з яго маці. Састарэлы ўпаў і зламаў руку.

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала жыхара Мінска вінаватым па п. 2, 5, 6 ч. 2 арт. 139 (забойства заведама састарэлай асобы, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам, з асаблівай жорсткасцю), ч. 2 арт.218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці), арт. 155 (прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці) Крымінальнага кодэкса і прысудзіла да 17 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ўзмоцненага рэжыму.

На судовым пасяджэнні мінчанін сваю віну не прызнаў. Прысуд у законную сілу не ўступіў, паколькі абскарджаны абвінавачаным. Ён не быў раней судзімы, на момант здзяйснення злачынства не працаваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?