Крымінальная справа ў дачыненні да беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага — прыклад таго, як «можна выкарыстоўваць міжнародныя дамовы не па прызначэнні». Пра гэта заявіў пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка 16 лістапада на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Падпісаная дамова была неабходная для барацьбы са злачыннасцю. А тое, што зрабіў беларускі бок, — такія дзеянні толькі шкодзяць супрацоўніцтву», — сказаў Шарэпка. Нагадаем, падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала інфармацыя аб яго рахунках у замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы ў рамках дамоваў аб прававой дапамозе.

Дыпламат таксама пракаментаваў сітуацыю з польскай грамадзянкай Магдаленай Каліноўскай. Нагадаем, 11 лістапада аддзяленне грамадзянства і міграцыі Кастрычніцкага РАУС Магілёва запатрабавала, каб Каліноўская, якая з’яўляецца супрацоўніцай фонду Institutum Orientalium і рыхтавала ў Магілёве стажораў для навучання ў Польшчы навыкам вядзення бізнесу, пакінула Беларусь да 16 лістапада. Прычынай дэпартацыі стала парушэнне рэжыму знаходжання ў Беларусі — Каліноўская пражывала не па месцы рэгістрацыі.

Шарэпка паведаміў, што консульская служба пасольства Польшчы дапамагла Каліноўскай аформіць і падаць усе дакументы для абскарджання гэтага рашэння.

«Магчыма, яна не выканала ўсе працэдуры. У Польшчы няма такой працэдуры рэгістрацыі. Але ў любым выпадку, думаю, яна не наўмысна гэта зрабіла», — падкрэсліў дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?