Беларускі цэнтр інфармацыі і культуры імя Янкі Купалы і Якуба Коласа адкрыецца пры Славянскім універсітэце Малдовы ў Кішынёве. Пра гэта паведаміў старшыня Беларускай абшчыны ў Рэспубліцы Малдова Юры Статкевіч.

Па інфармацыі Юрыя Статкевіча, ва універсітэце беларускай суполцы ўжо выдзелена памяшканне, якое будзе абсталявана адпаведным чынам пасля капітальнага рамонту. Зараз распрацоўваецца план абсталявання цэнтра і складаецца каштарыс выдаткаў на рамонт.

Плануецца, што ў Беларускім цэнтры інфармацыі і культуры будуць праводзіцца заняткі нядзельнай школы для выкладання дзецям беларускай мовы, літаратуры, гісторыі. Тут будуць прадстаўлены атрыбутыка, нацыянальныя касцюмы, элементы фальклору, кнігі, сувеніры, іншыя экспанаты, якія дапамогуць пазнаёміць дзяцей і дарослых з гісторыяй і культурай беларускага краю. У цэнтры размесціцца і бібліятэка Беларускай абшчыны Малдовы. Тут жа плануе праводзіць свае пасяджэнні яе Савет.

Абсталяванне Цэнтра інфармацыі і культуры будзе весціся пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Беларусь у Малдове, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Мінгарвыканкама, а таксама адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска, з якой у Беларускай абшчыны ў Малдове падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве.

Па дамоўленасці са Славянскім універсітэтам, намеснік старшыні Савета Беларускай абшчыны ў Малдове, вядомы мастак-беларус, які пражывае ў Малдове, Вячаслаў Ігнаценка будзе чытаць студэнтам ВНУ лекцыі не толькі па выяўленчым мастацтве, але і па гісторыі беларускай мовы, культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?