Былых ліцэістаў на новым альбоме не пазнаць. Іх трэці дыск «Партызанская школа» — гэта ўжо сапраўды сьпелая музычная праца: насычаны гук гітараў, вострыя тэксты, прафэсійны запіс. Першая песьня, якая пачынаецца са слоў «песьняў пра каханьне» настройвае на кавэр-лад, але першае ўражаньне падманвае: ліцэісты не пераігрываюць банальныя здабыткі беларускай і сусьветнай музычнай спадчыны, яны ўносяць туды і сваё. Як гурт «Парасон», які на фрагмэнтах некалькіх песень «Pink Floyd» i «Franz Ferdinand» пабудаваў уласны твор, гэткую міні-опэру — прысьвячэньне Роджэру Ўотэрзу. Хадановіч дык наагул скампіляваў музыку з савецкай «Я люблю тебя жизнь» і бітлоўскай «Жоўтай падводнай лодкі», дзе галоўны фігурант, бел-чырвона-белы вожык-патрыёт сьмела крочыць у паход. А на галоўную кампіляцыю дыска прэтэндуе «Гэтага магло ня быць» Міколы Тоўсьціка, дзе ліцэісты скарысталі песьні «Крамы», Rammstein і нават Scatman John і зрабілі гэта даволі смачна з музычнага гледзішча.
Галоўныя гіты «Партызанскай школы» — цалкам аўтарскія. Гэта найперш «Адукацыя» Андрэя Карповіча — моцны рок-гіт з прыпевам:
- нас недаадукавалі
мала кніжак мы чыталі
нас не перавыхавалі
не дадалі што жадалі
Другі — сёньняшні гонар ліцэістаў «Не!» — вострасацыяльная і злабадзённая песьня ў хіп-хоп стылістыцы, на якую «ПартШкола» ўжо зьняла відэакліп. Вокладку аздобіў Міхал Анемпадыстаў, запісваў Аляксандар Зайцаў, а зводзіў дыск — Шлёма Лабандзіеўскі, што гарантуе пэўную якасьць.