Выхаванец гомельскай школы гандболу Андрэй Клімавец у нядзелю стаў чэмпіёнам сьвету па гандболе, што праўда, у складзе нацыянальнай зборнай Нямеччыны. У фінале немцы не пакінулі ніякай надзеі зборнай Польшчы – 29:24, якая насуперак усяму змагла выйсьці ў фінальны матч, што было сапраўднай сэнсацыяй.

Некалькі гадоў таму Андрэй Клімавец прыняў нямецкае грамадзянства, і хоць не зьбіраўся гуляць за зборную, але ягоная натхнёная гульня вымусіла трэнэра зборнай Нямеччыны запрасіць яго ў каманду. Клімавец згуляў за Нямеччыну на мінулым чэмпіянаце Эўропы, дзе быў адным зь лепшых гульцоў. Трапіў ён у склад зборнай і на сёлетні мундыяль, якія праходзіў на нямецкай тэрыторыі. Праўда, ужо ў першай сустрэчы Клімавец атрымаў траўму і выбыў на два тыдні. Ягонае наступнае зьяўленьне датавалася паўфінальным паядынкам, дзе немцы адолелі францускую зборную. У фінале Клімавец выйшаў у стартавай сямёрцы і закінуў адзін мяч.

З савецкіх часоў яшчэ ніводзін беларус не станавіўся чэмпіёнам сьвету па гандболе. Уласна зборная Беларусі на гандбольных першынствах апошні раз выступала ў 1995 годзе: ў Ісьляндыі, дзе заняла дзявятае месца. На тым чэмпіянаце за Беларусь выступаў і Андрэй.

Андрэй Клімавец таксама зьяўляецца рэкардсмэнам зборнай Беларусі па колькасьці згуляных за яе матчаў і закінутых галоў. Але аднойчы Клімавец стаў не патрэбны нацыянальнай камандзе, яго перасталі выклікаць на матчы, і тады ён зьмяніў грамадзянства. За берасьцейскі гандбольны клюб імя Мяшкова выступае ягоны брат Уладзімер.

Таксама трэба адзначыць, што на чэмпіянаце выступаў яшчэ адзін беларус: Сяргей Рутэнка, бамбардзір славенскай каманды. Неўзабаве яшчэ адзін беларус, Сяргей Гарбок, зьявіцца ў зборнай Расеі. Тым часам нацыянальная каманда нашай краіны ўжо дванаццаць гадоў ня можа трапіць на топ‑спаборніцтва.

Фота http://www.ctk.cz/

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?