О так, мы патрыёты,
Бо на пытанне «Хто ты?»
Крычым пра Беларушчыну,
А дойдзе да мяна —
Як дурні-самасейцы,
Спяшаемся ў расейцы,
Ну што ж, страла запушчана,
Запушчана.

Зусім не Македонскі і нат не Салжаніцын,
Але нясе ў неба аблуду-круцяля:
Ён быць не змог Алесем і выпусціў сініцу,
Застаўся Аляксандрам і страціў жураўля.

Вядома, хлюпік Саша —
Не ўся краіна наша.
Павее свежым ветрыкам
Па Аляксандарам,
І без маны, без бою
Адродзяцца сабою
Адным радком у метрыках
Без лішніх драм.

А сёння ходзяць цугам Іваны ды Матрёны,
Серёжы, Каці, Міші і іншы гуказбор.
На беднасць ім пасуюць жабрачыя імёны,
Жабрачыя імёны — чужаччыны набор.

А хтосьці, гэта знана,
Дапрэ да Чынгізхана,
Альбо амухамедзіцца,
Аджозэфініцца,
Каб толькі адчувацца
У межах іншых нацый,
Каб неяк прысуседзіцца,
Прыплыніцца.

Я сам калісьці блеяў у шэрагах Сер-геев,
Фекальна-сэксуальным было маё мяно,
Што моцна патыхала (чым вы думалі?) Расеяй,
І я, здавалася, не ён і не яна — яно.

Кладзецца вечар золкі,
Сціхаюць балаболкі,
А постаці на ростанях
У роздуме маўчаць.
І сніцца патрыётам,
Якія прыйдуць потым,
Сапраўднае і простае:
«З чаго пачаць?»

Публікуецца паводле: Беларус. Літаратурны альманах пісьменнікаў замежжа. 2011. Выдавецтва «Беларус». Нью-Ёрк, 2011

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0