Ірына Халіп, жонкаэкс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, 18 лістапада зноў сустрэлася з часова выконваючым абавязкі начальніка дэпартамента выканання пакаранняў МУС Сяргеем Працэнкам.
Як паведаміла Халіп, яна спрабавала высветліць, чаму да яе мужа, які зараз знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4 у чаканні этапу ў адну з калоній Віцебскай вобласці, не дапускаюць адваката.
«Я была на прыёме ў Працэнкі. Ён мне сказаў, што адвакат да Саннікава дапушчаны не будзе, таму што мой муж — перасыльны, — паведаміла Халіп. — Перасыльныя ў нас, аказваецца, не маюць права на юрыдычную дапамогу і абарону. Афіцыйна нядопуск адваката тлумачаць тым, што на час знаходжання там у чаканні этапу асабістая справа не адкрываецца».
Як мяркуе Халіп, гэтая сітуацыя дэманструе, што «нейкія ўнутраныя інструкцыі парушаюць Канстытуцыю, і ўсім на гэта пляваць».
Паводле слоў Халіп, Працэнка ёй таксама паведаміў,
што ў новую калонію Саннікаў павінен быць дастаўлены на наступным тыдні, але не ўдакладніў, калі менавіта.
Нагадаем, 16 лістапада стала вядома, што Саннікава этапавалі з бабруйскай калоніі. Куды менавіта — не паведамілі ні сваякам, ні адвакату. Халіп 17 лістапада ўдалося трапіць на прыём да Сяргея Працэнкі, які пацвердзіў, што Саннікава этапуюць у іншую калонію ў сувязі з тым, што яму нібыта пагражае небяспека. Ён таксама паведаміў, што палітыка будуць этапаваць праз магілёўскую турму ў Віцебскую вобласць. У якой менавіта калоніі Саннікаў будзе адбываць пакаранне, Працэнка не канкрэтызаваў.
Марына Кавалеўская, адвакат Саннікава, падала скаргу ва ўпраўленне дэпартамента выканання пакаранняў па Магілёўскай вобласці на начальніка турмы № 4 Магілёва Аляксандра Ламазу, які адмовіў ёй у спатканні з падабаронным.
У дзеяннях начальніка турмы адвакат бачыць парушэнне канстытуцыйнага права Саннікава на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў любы час, незалежна ад таго з’яўляецца ён транзітным перасыльным або знаходзіцца ў месцы зняволення.
Пасля наведвання ўпраўлення ДВП Марына Кавалеўская падала аналагічную скаргу ў абласную пракуратуру.
На тэрыторыі Віцебскай вобласці размешчаныя пяць папраўчых калоній: № № 8 і 12 — у Оршы, № 3 — у Віцебскім раёне, № 10 — у Наваполацку, № 3 — у Глыбокім.