Як у мінчан, якія плануюць пераехаць на ПМЖ у Смалявічы, так і ў смалевічан, што хвалююцца за будучыню горада, набралося шмат пытанняў.

Запуск такіх «спадарожнікаў» ёсць не што іншае, як спроба ўладаў утрымаць колькасць насельніцтва сталіцы да 2030 года ў межах 2 мільёнаў чалавек. Бо за апошняе дзесяцігоддзе насельніцтва Мінска павялічылася на 146 тысяч чалавек, у той час як гарадское насельніцтва краіны ў цэлым — толькі на 73 тысячы чалавек.

Развіццё гарадоў-спадарожнікаў магчымае ў некалькіх варыянтах: як асобнага адміністрацыйнага ўтварэння за межамі гарадской рысы населенага пункта або як адзінай гарадской структуры ў складзе населенага пункта за кошт павелічэння яго плошчы з адзіным адміністрацыйным падпарадкаваннем.

Дарэчы, крытыкі ідэі акружэння Мінска «спадарожнікамі» яшчэ павінныя сказаць дзякуй беларускім уладам за развіццё існых гарадскіх паселішчаў. Бо быў яшчэ адзін варыянт, прадугледжаны дзяржпраграмай: стварэнне новых гарадоў-спадарожнікаў з нуля. Хутчэй за ўсё яны ператварыліся б у чарговыя «спальныя» раёны без развітай дзённай сацыяльнай інфраструктуры і з абмежаванымі магчымасцямі для занятасці жыхароў.

Фінансаваць будаўніцтва сталічных жылых раёнаў у гарадах-спадарожніках, дарэчы, трэба будзе ўсёй краіне. На гэтыя мэты пойдуць сродкі арганізацый і насельніцтва, рэспубліканскага бюджэту, абласных і раённых бюджэтаў, бюджэту Мінска, інавацыйнага фонду Мінэнерга, сродкі энергазабеспячальных арганізацый, якія ўваходзяць у склад ДВА «Белэнерга», і газазабеспячальных арганізацый, якія ўваходзяць у склад ДВА «Белпалівагаз».

Паводле папярэдняй ацэнкі, для ўзвядзення 1 мільёна кв. метраў жылля ў Смалявічах спатрэбіцца каля 4 трлн рублёў. Праўда, у цэнах 2010 года, якія, мабыць, давядзецца пералічваць.
У будаўніцтва ў Смалявічах жылога раёна агульнай плошчай 1,3 млн кв. метраў, на якой мяркуецца пасяліць 44 тысячы чалавек, плануецца ўкласці 5280 млрд рублёў.
А на выкананне падрыхтоўчых работ, у тым ліку будаўніцтва пазапляцовачных інжынерных сетак і збудаванняў, дадаткова спатрэбіцца яшчэ 150–170 мільярдаў рублёў у найбліжэйшых 3–4 гады.
Яшчэ 120 мільярдаў рублёў — выдаткі на другі этап рэалізацыі праграмы: будаўніцтва малапавярховага сядзібнага жылога раёна ў Смалявіцкім раёне паміж населенымі пунктамі Вялікае Залужжа — Дубовік — Высокая Гара агульнай плошчай 700 тыс. кв. метраў (пры плошчы сядзібнага ўчастка 0,12–0,15 га і сядзібнага дома — 120–250 кв. метраў) з колькасцю насельніцтва да 14 тысяч чалавек.

Завабліваць мінчан у Смалявічы гарадскія ўлады збіраюцца па прынцыпе «час — грошы». Бо каб пабудавацца па чарзе ў Мінску, стаяць у ёй даводзіцца гадамі, а на Смалявічы попыт пакуль невялікі, значыць, і абзавесціся кватэрай тут можна значна хутчэй. Тым больш што паводле нядаўняга прагнозу Міністэрства эканомікі на 2012 год, у выпадку захавання высокіх аб’ёмаў эмісійнага крэдытавання эканомікі дэвальвацыя беларускага рубля можа скокнуць да ўзроўню 22 тысяч рублёў за даляр. А гэта значыць, што і цэннік на кв. метр можа ўзляцець не на жарт.

— Кошт квадратнага метра адназначна будзе не ніжэйшы, чым у Мінску. На дадзены момант для ільготнікаў гэта каля 3 мільёнаў рублёў за метр. Ніякіх дадатковых ільгот, акрамя дзейных, па крэдытаванні льготнага жылля ў гарадах-спадарожніках прадугледжана не будзе, — кажа старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінгарвыканкама Аляксандр Даменікан.

Сёння Смалявічы ўяўляюць сабой сярэднестатыстычны беларускі райцэнтр: несамавіты гарадок, што застыў у часе і захаваў вясковы каларыт.

— Мы любім свой горад і хочам, каб ён развіваўся. Ужо два гады кажуць, што пойдуць інвестыцыі, але пакуль у нас татальнае беспрацоўе, а моладзь здавольваецца адным Домам культуры. Не хапае дзіцячых садкоў і паліклінік. У горадзе няма ніводнай паркоўкі. Пад Смалявічамі ў мястэчку Зялёны Бор некалі даўно зламалася станцыя абезжалезвання вады. Да гэтага часу яе не адрамантавалі, таму ў горадзе проста жудасная вада, — кажа прадстаўнік грамадскай ініцыятывы «За новыя Смалявічы» Анастасія Васільева.

Паводле яе слоў, у Еўропе на будаўніцтва гарадоў-спадарожнікаў вылучаюцца велізарныя грошы для стварэння тэхналагічных экалагічных праектаў. Гэта і робіцца прынадай для жыхароў мегаполіса.

Якія «фішкі» плануюць пры забудове Смалявічаў, «EJ: Нерухомасць» паспрабавала высветліць у галоўнага архітэктара праекта.

Як выявілася, план забудовы Смалявічаў ужо паспеў зазнаць некаторыя змены. Так, мяркуецца, што ў першым горадзе-спадарожніку будуць будынкі вышынёй тры-пяць, максімум сем паверхаў, хоць першапачаткова планавалася забудова ў 9–12 паверхаў.

— Глеба на гэтым участку проста агідная — суцэльныя тарфянікі. Таму будаваць тут вельмі цяжка, — скардзіцца галоўны архітэктар праекта Альгерд Свірскі.

Уздоўж ракі Пліса, якая працякае па горадзе, размесціцца стадыён, забаўляльныя цэнтры, аб’екты грамадскага харчавання, гандлю, лядовы палац і тэатр. Таксама ў горадзе будуць царква, кінатэатр, гандлёвы цэнтр з паркінгам, прадугледжана мноства парковачных месцаў.

— Кватэры ў Смалявічах будуць тыпавыя. Асноўная мэта — гэта забяспечыць як мага больш людзей жыллём.

Цяпер найбольшы попыт на адна-, двухпакаёвыя і кватэры-студыі, дзе ёсць толькі кухня і ванная, а ўсё астатняе месца — пустая прастора без лішніх калідораў. Атрымліваецца значна танней, чым звычайная кватэра, акрамя таго, чалавек можа сам праектаваць сваё жыллё, — кажа галоўны архітэктар праекта.
Што да працаўладкавання жыхароў гарадоў-спадарожнікаў, мяркуецца, што частка з іх будзе працаваць на прадпрыемствах, якія, згодна з дзяржпраграмай, плануецца вынесці з Мінска ў гарады-спадарожнікі.

— Жыллё павінна быць побач з месцам працы. Калі 50 тысяч смалевічан кожны дзень практычна ў адзін час будуць ехаць на працу і з працы, уяўляеце, які гэта будзе калапс?

Таму мы паспрабуем зрабіць так, каб у гарадах-спадарожніках былі працоўныя месцы, прычым не толькі на прадпрыемствах, але і ў сферы паслуг, — кажа Аляксандр Даменікан. — Таксама гараджане будуць забяспечаны яналежнай сацыяльнай сферай: школамі, дзіцячымі садкамі, паліклінікамі, крамамі, забаўляльнымі цэнтрамі.

Паводле яго словаў, пакуль дэталёва не разглядалася пытанне аб зносінах паміж Мінскам і Смалявічамі, але ёсць задума пусціць паміж гарадамі хуткасную электрычку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?