Пра свой удзел у сьвяткаваньні Дня Волі 25 сакавіка пацьвердзілі кіраўнікі палітычных партыяў, прадпрымальніцкіх і моладзевых арганізацыяў. Пра гэта было паведамлена на прэс-канфэрэнцыі, зладжанай аргакамітэтам правядзеньня Дня Волі 25 сакавіка. Удзел у ёй узялі Вінцук Вячорка, Барыс Гарэцкі ад моладзі, Ігар Шынкарык ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі, Анатоль Ляўковіч ад Грамады, Аляксей Марачкін ад Згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", Аляксандар Мілінкевіч, Уладзімер Колас ад Рады інтэлігенцыі, а таксама прадпрымальніцкі лідэр Аляксандар Макаеў.

Акцыі 25 сакавіка будзе мець выключна мірны і сьвяточны характар, паведаміў кіраўнік аргкамітэту В. Вячорка. Цяпер рыхтуецца заяўка ў Менгарвыканкам, месцам правядзеньня акцыі, па рашэньні аргкамітэту, стане Кастрычніцкая плошча. Адказваючы на пытаньне пра магчымы паўтор мінулагодняга варыянту зь перакрыцьцём плошчы, старшыня аргкамітэту запэўніў, што арганізатары маюць запасныя варыянты. «Акцыя адбудзецца ў любым разе» – упэўнены В. Вячорка.

Аргкамітэт падрыхтаваў лісты-звароты да Аляксандра Лукашэнкі, беларускіх грамадзянаў і міжнароднай супольнасьці. У зваротах робіцца акцэнт на сытуацыі вакол беларуска-расейскіх дачыненьняў, а таксама прапануецца зрабіць неабходныя захады па паляпшэньні становішча. Так, у звароце да Лукашэнкі, раздадзеным на прэс-канфэрэнцыі, кіраўнік дзяржавы запрашаецца да ўдзелу ў сьвяточных мерапрыемствах. Аднак на сайце Партыі БНФ зьмешчаны іншы варыянт звароту, больш жорсткі і без запрашэньня.

Кіраўнік каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Аляксандар Макаеў распавёў пра ўдзел прадпрымальнікаў у будучым сьвяткаваньні Дня Волі. Па яго словах, дробнае прадпрымальніцтва ўрэшце зразумела, што эканамічная свабода неадлучная ад свабоды палітычнай. «Цяпер вядзецца пра выжываньне прадпрымальніцтва, як клясы, таму мы шукаем у грамадзтве тыя сілы, зь якімі мы можам супольна супрацьстаяць ціску ўладаў» – сказаў сп. Макаеў.

Кіраўнік аргкамітэту В. Вячорка кажа, што будучая акцыя стане сымбалічнай лякмусавай паперкай сытуацыі ў краіне і пакажа, чаго вартая незалежніцкая рыторыка ўладаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?