Пра гэта паведаміла намеснік старшыні арганізацыі Наста Палажанка.

Паводле яе слоў, актывісты «Маладога фронту» будуць аналізаваць выпадкі, калі «беларусы проста ад добрай душы спансуюць беларускія ўлады на мільёны, а бывае і мільярды долараў». Адпаведна, на такія факты будзе звернута ўвага.

Як адзначыла Палажанка, першым выпадкам такой «дапамогі» з’яўляецца плата за радыёкропкі, якія знаходзяцца ў кожнай кватэры. «Іх слухаюць адзінкі, але плацяць усе», — дадала яна.

«Як паведаміў у інтэрв’ю „Еўрарадыё“ Мікалай Важнік, намеснік начальніка па эксплуатацыі Беларускага радыётэлевізійнага перадавальнага цэнтра, па краіне 1 мільён 200 тысяч радыёкропак. Плюс „белтэлекамаўскіх“ крыху больш — 1 мільён 375 тысяч.

Калі скласці, то атрымліваецца дзесьці 2,5 мільёна на 10 мільёнаў насельніцтва.
Мы рэгулярна аддаем дзяржаве больш за 800 рублёў за радыёкропку — менавіта такая сума прыходзіць нам у „жыроўках“ штомесяц. Па сённяшнім курсе долара атрымліваецца, што за гэтую паслугу, якой мы не карыстаемся, мы плацім 3 мільёны долараў на год. Яшчэ некалькі месяцаў таму, калі афіцыйны курс долара быў 3 тысячы рублёў, а паслуга каштавала тыя ж 800 з лішкам рублёў, прыбытак перадавальнага цэнтра складаў дзесьці 8,5 мільёна долараў на год», — падлічыла Палажанка.

Спасылаючыся на словы Важніка, яна таксама паведаміла, што найбліжэйшым часам плата за радыёкропку будзе павялічана.

«Ёсць магчымасць абсалютна легальна адключыцца ад радыёкропкі. Дастаткова напісаць заяву з адмовай без указання прычын, звярнуцца ў мясцовы цэнтр і выключыць гэту паслугу», — сказала Палажанка.

Паводле яе слоў, у далейшым магчымыя кампаніі супраць латарэй і некаторай прадукцыі прадпрыемстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?