Крымінальная справа за рабаванне (ч. 1 арт. 206 КК) распачата ў Фрунзенскім РУУС Мінска ў дачыненні да 20-гадовага мінчаніна.
Як паведаміла прэс-афіцэр раённага ўпраўлення ўнутраных спраў Ала Галубовіч, у ноч з 19 на 20 лістапада 18-гадовая дзяўчына вярталася з працы і на прыпыначным пункце па вуліцы Калеснікава чакала тралейбуса. У гэты час да яе падышоў незнаёмы хлопец і пацікавіўся, колькі часу. Адказаўшы на пытанне, дзяўчына адвярнулася ў іншы бок, прадэманстраваўшы нежаданне размаўляць.
Незнаёмец схапіў сумку, што ляжала побач з ёю, і кінуўся ўцякаць цераз праезную частку на забараняльны сігнал святлафора.
Дабрацца на адваротны бок вуліцы хлопцу не ўдалося — ён трапіў пад аўтобус.
Зараз раней судзімы малады чалавек, які выйшаў, як ён кажа, ноччу пагуляць па сваім раёне, знаходзіцца ў бальніцы з чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ