Выпускнікі ЕГУ не спяшаюцца вяртацца на радзіму. Толькі чацвёртая частка выпускнікоў гэтай унікальнай беларускай навучальнай установы наважылася застацца ў Беларусі. Некаторыя знайшлі працу ў бізнесе, а 10% увогуле аказаліся беспрацоўнымі.

Як сведчаць дадзеныя апытання выпускнікоў бакалаўрскіх праграмаў, што апублікаваныя на сайце студэнцкай супольнасьці ЕГУ, 64% студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, што скончылі навучанне ў 2011 годзе, не вярнуліся ў Беларусь.

Каля 37% чалавек, якія атрымалі ступень бакалаўра ў ЕГУ, працягваюць навучанне ў магістратурах вышэйшых навучальных устаноў за межамі Беларусі. З іх 10% сумяшчаюць вучобу і працу.

Тыя ж, хто вярнуўся ў Беларусь, збольшага занятыя ў сферы прыватнага бізнесу. Але ёсць і такія ЕГУшнікі, хто ўладкаваўся ў дзяржаўныя ўстановы, пераважна культурныя альбо адукацыйныя. Пры гэтым 10% так і не здолелі знайсці ніякай працы.

Агулам у ліпені 2011 году дыплом ЕГУ атрымалі 151 выпускнік бакалаўрскіх і 38 выпускнікоў магістарскіх праграмаў. Такім чынам, колькасць выпускнікоў універсітэта за час яго знаходжання ў Вільні павялічылася да 667 чалавек.

Вяртацца ў Беларусь расхацелася

Два гады таму сітуацыя з міграцыяй былых студэнтаў ЕГУ была абсалютна іншай. Паводле словаў кіраўніцтва ўніверсітэту, у 2009 годзе 17% яго выпускнікоў знаходзіліся па-за межамі Літвы і Беларусі, і цэлых 45% выпускнікоў бакалаўрыяту працавалі ў Беларусі.

Пры гэтым палова выпускнікоў, якія былі занятыя на радзіме, працавалі не толькі ў прыватным сектары, але і ў НДА альбо нават дзяржаўных ВНУ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?