Сёння юбілей адзначае паэт, перакладчык, парадыст і адзін з найвыбітнейшых інтэлектуалаў сучаснай Беларусі — Міхась Скобла.

Міхась Скобла аўтар шэрагу кніг паэзіі сярод якіх «Вечны Зніч» (1990), «Вочы Савы»(1994), «Нашэсце Поўні» (2000), кнігі літаратурных пародыяў «Розгі ў розніцу» (1993), зборніка вершаў для дзяцей «Камень-перунок» (1998), кнігі гістарычных нарысаў «Дзярэчынскі дыярыюш». У 2000 годзе ён стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі імя Алеся Адамовіча.

Таксама спадар Скобла вядомы стварэннем анталогій беларускай («Краса і сіла») і сусветнай паэзіі («Галасы з-за небакраю»). Ён укладаў зборнікі твораў Уладзіміра Жылкі, Ларысы Геніюш, Рыгора Крушыны.

Апроч таго Міхась Скобла вядзе аўтарскую перадачу «Вольная студыя» на радыё «Свабода».

«Наша Ніва» прапануе чытачам верш Міхася Скоблы «За імгненне да вяртання ў гэты свет»

ЗА ІМГНЕННЕ ДА ВЯРТАННЯ Ў ГЭТЫ СВЕТ

Я пакінуў каханую.
Магілы родных.
Забіў дошкамі храм сваёй веры.
Адпусціў на волю ўсе вятры,
Даверыўшы ім родныя песні,
Баёвыя гімны,
Старадаўнія замовы
Ды запаветныя пацеры,
Якія калісьці ведаў.
Кінуў у багну похвы ды меч,
Аддаў на забаўку малым дзедаву сявеньку
І пайшоў.

…У апраметную, — здагадаліся адныя,
…Да пана Бога, — мовілі іншыя,
Каб ніколі не вярнуцца,
Бо заўсёды
За імгненне да вяртання ў гэты свет
Я абавязкова згадваў,
Што ў ім
Мяне чакае толькі Радзіма,
Адчуваючы з жахам,
Што нават гэтага
Для мяне недастаткова…

* * *

Рэдакцыя «Нашай Нівы» далучаецца да віншаванняў юбіляру.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?