Увечары 5 лютага Міністэрства эканомікі Беларусі разьмясьціла на сваім сайце інфармацыю пра пастанову ад 31 студзеня № 26 «Пра тарыфы на паслугі па транзытнаму транспарту нафты праз сыстэму магістральных трубаправодаў па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь». Супярэчлівыя паведамленьні пра гэты дакумэнт зьяўляліся на стужках інфармацыйных агенцыяў цягам панядзелка.

Маршрутам Унеча—Мазыр—Адамава (краіны паставак — Нямеччына ды Польшча) тарыф за 1 тону нафты нэта павялічваецца з 2,6 да 3,5 даляры (на 34,6%), маршрутам Унеча—Мазыр—Броды (Вугоршчына, Славаччына, Чэхія, Украіна) — з 1,14 да 1,5 даляры (на 31,6%).

Мінэканомікі падкрэсьлівае, што тарыфы прынятыя «з разьліку сярэдняга ўдзельнага тарыфу на транспарт нафты праз сыстэму ААТ «АК «Транснафта» праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі — 0,6 даляра ЗША за 1 тону на 100 км маршруту».

«Варта зазначыць, — вядзецца ў паведамленьні, — што цяпер тарыфы за транзыт нафты ў сумежных дзяржавах вышэй, чым узровень тарыфаў у Рэспубліцы Беларусь. Такім парадкам, у Польшчы тарыф на транзыт нафты ў напрамку Нямеччыны — 0,9 даляра за 100 т/км, у Рэспубліцы Беларусь у дадзеным напрамку — 0,41. Ва Ўкраіне тарыф на транзыт нафты ў напрамку Вугоршчыны, Славаччыны — 0,89 даляры, у Рэспубліцы Беларусь ва ўказаным напрамку — 0,53 даляра за 100 т/км. Тарыф на транзытнае перапампоўваньне казаскай нафты праз тэрыторыю Расейскай Фэдэрацыі складае 0,73 даляра за 100 т/км».

Паводле Naviny.by

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0