Па крымінальнай справе аб патройным забойстве ў Мазыры праходзіць адзін падазраваны, паведаміў начальнік следчага аддзела пракуратуры Гомельскай вобласці Юрый Дзям’янчык.

Гэта кіроўца, які выпадкова наехаў на ляжачага мужчыну
, які стрэліў у двух чалавек.

У пракуратуры паведамілі падрабязнасці інцыдэнту. 20 лістапада, а трэцяй гадзіне ночы ў міліцыю паступіла паведамленне аб тым, што каля гульнявога клуба «777» чутныя стрэлы. На месцы здарэння былі знойдзеныя два трупы мужчын 1984 і 1963 гадоў нараджэння. Яшчэ адзін чалавек, 1987 года нараджэння, памёр у шпіталі ад агнястрэльнага ранення. Была ўзбуджаная крымінальная справа за забойства двух і больш асоб з хуліганскіх памкненняў.

У ходзе следства было ўстаноўлена, што ў ноч з 19 на 20 лістапада ў вёсцы Каменка Мазырскага раёна адзін з загінулых, раней судзімы за ўчыненне хуліганскіх дзеянняў, адпачываў у кампаніі сваіх сяброў і дзвюх дзяўчат.

У працэсе распіцця спіртнога гэты мужчына стаў прыставаць да адной з дзяўчат, а калі тая адпрэчыла яго дамаганні, абразіў яе і стаў пагражаць пнеўматычным пісталетам.

Спалоханыя дзяўчыны на сваім аўтамабілі выехалі з вёскі і накіраваліся да гульнявога клуба ў Мазыр. Там яны распавялі пра канфлікт свайму знаёмаму, таксама судзімаму за хуліганства.

Знаёмы дзяўчат стэлефанаваўся з крыўдзіцелем і стаў высвятляць з ім адносіны. Крыўдзіцель паведаміў сябрам, што трэба разабрацца з тым, хто тэлефанаваў, і каля гадзіны ночы яны ўтрох выехалі на аўтамабілі «Мерседэс» у Мазыр, дзе заехалі за яшчэ адным знаёмым, мужчынам 1963 года нараджэння, які ўзяў з сабой стрэльбу і патроны.

Прыехаўшы ў клуб, яны знайшлі там хлопца, які тэлефанаваў ім, і распачалі з ім бойку. На вуліцу выбеглі наведнікі клуба. Убачыўшы гэта, мужчына з стрэльбай пачаў страляць у натоўп. Так ён параніў не датычнага да канфлікту наведвальніка клуба, які потым памёр у бальніцы.

Затым мужчына стрэліў другі раз, памылкова параніўшы свайго сябра, завадатая канфлікту. Калі мужчына паспрабаваў перазарадзіць стрэльбу, адзін з наведнікаў клуба адабраў зброю, зламаў яе і некалькі разоў ударыў таго, хто страляў. Той зваліўся на асфальт.

У гэты час смяротна паранены завадатай канфлікту дабраўся да сваёй машыны і сказаў кіроўцу, што сядзеў у ёй, адвезці яго ў шпіталь. Але кіроўца не змог выехаць за агароджу клуба з-за прыпаркаваных машын, і, рухаючыся заднім ходам, наехаў на мужчыну, які страляў. Той ад атрыманых траўмаў памёр на месцы.

Завадатай разборак таксама памёр ад агнястрэльнага ранення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?