90+3

Усё, БАТЭ прайграў.

90+1

Суддзя дадае тры хвіліны да асноўнага часу.

90-ая

Забіць так і не ўдаецца. На жаль, 0:1. Шанцы на працяг барацьбы застаюцца прывіднымі. Для гэтага трэба перамагаць «Барселону» ў гасцях.

87-ая

Ганчарэнка адпраўляе ў атаку Сіміча, але і гэта не дапамагае. Заўзятары расчараваны пацягнуліся да выхаду.

83-яя

Не хапае БАТЭ апошняга пасу. Часу яшчэ крыху засталося.

77-ая

Паныла неяк апошнія хвіліны. Не хапае глыбіні і думкі атакам БАТЭ. З чымсьці падобным на навал чэхі спраўляюцца без праблем. Яшчэ паспяваюць і ў кантратакі бегаць.

Вось і Кежман з’явіўся. Чакаем цудам ад яго.

69-ая

Гутар злавіў кураж. Цягне проста неймаверныя мячы. А яшчэ паспявае ў косці ўсыпаць абаронцам.

Паўлава мяняе Гардзяйчук. Можа, варта было б і Кежмана кінуць у бой.

65-ая

Нехта з гульцоў БАТЭ падае ў штрафной «Вікторыі». Абурэнне трыбун адчувае на сабе галандскі арбітр — пенальці ён не прызначыў.

59-ая

Атакуе БАТЭ, стараецца. Толькі вось выніку як не было, так і няма. Гуляць яшчэ паўгадзіны.

Адыграцца трэба хаця б за Гутара. Ну так ён стараецца ў варотах. Палявыя гульцы, патрымаеце брамніка?

53-яя

Трыбуны троху ажывіліся. Гоняць сваіх любімчыкаў наперад.

Пры абсалютным статычным становішчы абаронцаў на вароты выводзілі Райтарала. Гутар у блізкім боі на вышыні.

Небяспечна атакаваў цяпер ужо БАТЭ. Мяч слізгануў па перакладзіне, але дабіць яго ў вароты не было каму.

46-ая

Чаю футбалісты папілі, трошку сагрэліся. Тайм другі.

Туман яшчэ мацнейшы. Можа, стаўка на далёкія ўдары ўрэшце дасць плён?

45-ая

Гол трошку абудзіў нашых. Было дзве талковыя атакі. Але безвыніковыя. На перапынак.

43-я

Дагуляліся. «Вікторыя» адкрыла лік пры канцы першага тайма. Тое самае было і ў Празе. Забіў Марэк Бакаш — 0:1.

Балельшчыкі пацягнуліся па беляшы ды чай, не чакаючы свістка на перапынак. У прынцыпе, гол вынікаў з хады паядынка.

38-ая

Чэхі атрымалі першае папярэджанне ў гульні. Бістронь сфаліў на Брэсане ў цэнтры поля. А вось штрафны разыгралі бяздарна.

Бачнасць усё пагаршаецца. Туман гусцее з кожнай хвілінай. Разглядаць нумары футбалістаў становіцца ўсё больш складана.

Удар Валадзько абуджае трыбуны. Эфектна, але Чэх усё бачыў.

33-я

Атмасфера ля варот БАТЭ ўсё болей накаляецца. Абарона і Гутар спраўляюцца. Часта даводзіцца звяртацца да так нелюбімага вынасу.

БАТЭ кантралюе мяч у цэнтры поля. Да варот падыходзіць не адважваецца. Балельшчыкі абураюцца. Усё канчаецца далёкім ударам. Як думаеце, які вынік? Зноў міма.

26-ая

Гутар з-пад перакладзіны дастае мяч пасля ўдара Петржэлы.

А ўжо потым не дае забіць Шэвінскі пасля розыгрышу вуглавога. Чэхі падаюць іх вельмі многа.

Пара над стадыёнам, як у лазні. Каб яшчэ і цёпла так было.

21-ая

Туман узмацняецца. Здаецца, пры падобным надвор’і БАТЭ ўжо гуляў у Лізе чэмпіёнаў тры гады таму, супраць «Зеніта». Далёкія ўдары БАТЭ па-ранейшаму не вельмі трапныя.

Цудоўны момант меў Рэнан Брэсан. Скарыстаўся памылкай абаронцы. Прабег з мячом з цэнтра поля, але зноў вышэй варот. Нарэшце і ў БАТЭ пачало нешта ўдавацца ў атацы.

17-ая

Выглядае, што футбол будзе без асаблівай аглядкі на свае вароты. Каманды больш цікавяць чужыя. «Вікторыя» падае ўжо пяты вуглавы. Цяжка БАТЭ ў першай палове тайма. Заціснулі нібыта гэта зусім не «Вікторыя», а «Барселона» зноў наведала Мінск. Хаця не, «Барселона» б ужо такімі момантамі скарысталася.

БАТЭ спрабуе пагражаць варотам Чэха шляхам далёкіх удараў. Выгады гэта пакуль не прыносіць.

12-ая

Валадзько далёкім ударам правярае пільнасць Марэка Чэха. З пільнасцю ў яго ўсё нармальна.

Імклівая контратака БАТЭ прымушае балельшчыкаў першы раз узяцца за галавы. У тэмп біў Брэсан пасля паса Скавыша. На жаль, міма.

На стадыёнам апускаецца туман.

Пасы назад гледачам не падабаюцца. Неадабральна свісцяць. Нават на сваіх.

Гутар працягвае здзіўляць сваёй кацінай рэакцыяй.

6-ая

«Вікторыя» пакуль атакуе лепш. Мяч нават ударыўся аб сетку варот. Праўда, звонку.

У гасцях чэхам гуляць можа нават і лепш, чым дома. На чужых палях яны перамагалі такія крэпкія каманды, як «Русенборг» і «Капенгаген».

4-ая хвіліна

Не будзе Гутару лёгкага жыцця ў гэтай сустрэчы. Чэхі намякнулі на гэта ў самым пачатку сустрэчы. Ледзь выцягнуў мяч з кута.

А вось штрафны БАТЭ хоць і навёў лёгкую паніку, але небяспекі ў сабе не таіў.

1-ая хвіліна

Паехалі! Галандзец Кевін Блом даў свісток аб пачатку гульні. Нашы ў жоўтая форме, «Вікторыя» — сіне-чырвоная. Амаль як «Барселона».

* * *

Стадыён запоўнены, відаць, працэнтаў на 70 ці нават трошку меней. Гучыць гімн Лігі чэмпіёнаў, як заўсёды, хвалююча. У такія моманты найлягчэй пранікнуцца атмасферай.

Дарэчы, у першай сустрэчы каманд у Празе была зафіксаваная нічыя 1:1. На пльзеньцаў адказалі мячом Рэнана Брэсана.

* * *

У выпадку перамогі над чэшскай «Вікторыяй» каманда працягне барацьбу ў плэй-оф Лігі Еўропы. Нічыя таксама пакідае добрыя шанцы. А вось пройгрыш амаль дакладна пакіне беларусаў за запаветнай рысай.

Надвор’е не вельмі халоднае, але імжыць. Людзей заўважна меней, чым было на матчах з «Барселонай» і «Міланам». Чэхаў на трыбунах, відаць, чалавек 25.

У асноўным складзе БАТЭ выйдуць Гутар — Юрэвіч — Канцавой — Валадзько — Брэсан — Скавыш — Паўлаў — Бардачоў — Філіпенка — Сіміч — Бага. Затое ў запасе застаўся Кежман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?