«Калі табе камсамолец імідж»

Дачка нашых знаёмых, дзясяціклясьніца – разумная, таленавітая дзяўчына – нядаўна ў размове згадала, што яна ўступіла ў БРСМ. Згадала весела, нібы паміж іншым. Але паўза, якая павісла ўсьлед за гэтым паведамленьнем, сьведчыла аб тым, што дзяўчына чакала рэакцыі на яго. Не дачакаўшыся, яна ўздыхнула і сказала: некаторыя змаглі вытрымаць прэсінг у школе, я – не. І дадала нешта ў тым сэнсе, што такіх, як яна – большасьць.

Я не знайшоў, што сказаць. Шчыра кажучы, ня ведаю гэтага й да сёньня. Бо разумею, што нават у тым выпадку, калі камунікацыя паміж людзьмі магчымая ў прынцыпе, наўрад ці я магу нешта патлумачыць. Мой уласны маральны досьвед ці погляд на жыцьцё застануцца толькі маім уласным досьведам. У лепшым выпадку – досьведам майго пакаленьня, калі на пакаленьне можна глядзець як на нешта цэласнае. І абсалютна бяз сэнсу навязваць свае погляды маладому пакаленьню, а тым больш павучаць яго.

Занадта шмат давялося б тлумачыць, браць пад увагу.

Напрыклад – тое, што ў 70‑я гады мінулага стагодзьдзя камсамол быў дадзенасьцю для 16‑гадовых. Гэта была ўсяго толькі ўмова – адна з многіх – для таго, каб паступіць пасьля школы ў інстытут ці нават у ПТВ. Хто не хацеў нікуды паступаць, у абавязковым парадку ўступаў у камсамол у войску. Можна было рабіць кар’еру, можна было не рабіць. Камсамол да гэта не прымушаў, далёка ня кожны камсамолец уступаў у партыю. У камсамол ня бралі адзінак – напрыклад, калі гэтага не хацелі бацькі‑баптысты. І пры гэтым ніякага ідэйнага фанатызму. У 80‑я гады самі камсамольцы зь сябе весела зьдзекаваліся. «Если тебе комсомолец имидж – имидж крепи делами своимидж».

Але ўсё гэта не апраўданьне масавага савецкага канфармізму. Знаёмая дзяўчына значна разумнейшая, а значыць – лепшая за сваіх пагодкаў 70‑х ‑‑ 80‑х гадоў. Яна ўсьведамляе, што саступіла чужому прэсінгу. Больш за тое, яна разумее, што зрабіла няправільна, саступіўшы, хоць і шукае маральнага апраўданьня.

Чаму я ўвогуле ўспомніў тую прыватную размову? Відаць, яна прыйшла мне на памяць паводле псыхалягічнага кантрасту, калі я чытаў палеміку ў ЖЖ на тэму будучай гадавіны сакавіцкіх падзеяў на Плошчы, а таксама рэакцыі на затрыманьні маладафронтаўцаў. Маю, найперш, на ўвазе палеміку на minsk_by, ну, і зразумела, інтэрнэт‑камэнтары на сайце «Нашай Нівы».

Рассоўваньне даляглядаў

Першая рэакцыя нармальнага чытача – як добра, што ў нас так шмат патрыятычнай беларускай моладзі, неабыякавай да таго, што адбываецца і што адбудзецца ў краіне! Але пры больш уважлівым прачытаньні «пастоў» узьнікаюць падставы і для невясёлых думак.

Мне ўжо даводзілася выказвацца на гэтую тэму раней, але, рызыкуючы зноў выклікаць абурэньне заўсёднікаў ЖЖ, паўтаруся. Тэхнічны прагрэс сам па сабе (summa technologiae), павелічэньне спосабаў і хуткасьці камунікацыяў практычна мала што мяняюць у псыхалёгіі й сыстэме маральных каштоўнасьцяў чалавека. Тое, што колькасьць блогаў, дзёньнікаў і аўтараў у іх расьце з кожным днём у геамэтрычнай прагрэсіі, не вядзе аўтаматычна да зьяўленьня большай колькасьці сапраўдных літаратурных твораў. «Zianon‑hop» тут, хутчэй, выключэньне, якое пацьвярджае правіла.

Магчымасьць выстаўляць і спампоўваць у Сеціве зробленыя рознымі аўтарамі фатаграфіі і відэафільмы, музыку і г.д. – гэта цудоўна, гэта сапраўды рассоўваньне даляглядаў. Але гэта не вядзе, як пасьпяшаліся заявіць некаторыя філёзафы й культуролягі, да стварэньня нейкай новай рэальнасьці. Гэта, хутчэй, уцёкі ад яе.

Нездарма назва «пакаленьне геймэраў» даволі трывала ўвайшло ва ўжытак сацыёлягаў і соцыяпсыхолягаў на Захадзе. Для найбольш тыповых прадстаўнікоў гэтага пакаленьня характэрнае стаўленьне да жыцьця як да нейкай гульні, дзе галоўнае – набраць як мага больш пунктаў. Зьмест яе можна мяняць, адвольна мяняючы парамэтры. Ды яшчэ мець пры гэтым у запасе некалькі прэміяльных «жыцьцяў».

Калі мы сьцвярджаем што Інтэрнэт ёсьць апошняй свабоднай зонай ў беларускім грамадзтве, мы гаворым паўпраўду. Так, Інтэрнэт дае больш магчымасьцяў для праяваў свабоды, але ён ня робіць грамадзтва і чалавека больш свабоднымі, чым яны ёсьць. ЖЖ стварае ўнікальныя, неабмежаваныя магчымасьці для дыскусіі. Але ці шмат ад яе карысьці, калі ўсе яе ўдзельнікі застаюцца ананімнымі? Я зусім не заклікаю «раскрываць псэўданімы», у чым папракалі мяне некаторыя аўтары. Больш за тое, я лічу ананімнага аўтара (ці аўтараў) «Зянон‑хопа» сапраўды вольнымі людзьмі. Але ананімнасьць як прынцып існаваньня, як ухіленьне ад маральнай адказнасьці, як права казаць толькі тое, «што хачу», як адсутнасьць зваротнай сувязі я лічу прыкметай нашага часу. Прыкметай канфармізму, узьнятай на шчыт, прыкметай аморфнасьці ідэалаў і прынцыпаў, прыкметай грамадзянскай анэміі.

Пасьля Плошчы

Мне могуць нагадаць вядомую байку пра тое, што няма сэнсу наракаць на люстэрка. Цалкам пагаджуся з гэтым. І нават, насуперак таму, што казаў вышэй, хачу сказаць, што не заўважаць гэтага адлюстраваньня ня можна. Трэба і заўважаць, і вывучаць, і намагацца зразумець. З гэтага гледзішча мне падаецца асабліва важным прыгледзецца да інтэрнэт‑дыскусіі вакол меркаванай даты выхаду на Плошчу ў сакавіку. У тым і справа, што ў віртуальным дзёньніку абмяркоўваецца справа. Абмяркоўваецца пытаньне – што рабіць? Якое мае абсалютна канкрэтны сэнс для многіх маладых людзей.

Перад імі паўстала дылема: ісці на плошчу 19‑га (альбо 20‑23‑га) ці 25 сакавіка?

25 сакавіка – гэта ня проста дата, выбраная аргкамітэтам па правядзеньні масавай акцыі. Гэта ня толькі той дзень, калі Казулін павёў людзей на Акрэсьціна. Гэта Дзень Волі. Для многіх маладзёнаў, як паказвае дыскусія, гэта ўсяго толькі гісторыя. Гісторыя нейкай БНР. Можна абурацца адсутнасьцю павагі да гісторыі, неразуменьнем важнасьці гэтае даты – 25 сакавіка 1918 году – для Беларусі. А можна задацца пытаньнем: хто вінаваты ў тым, што ў патрыятычнай беларускай моладзі сфармавалася такое стаўленьне да Дня Волі?

Толькі ня трэба ва ўсім абвінавачваць БТ і дзяржаўную прапаганду ў цэлым.

Хто за дзесяць зь лішнім гадоў незалежнасьці Беларусі зьвёў сьвяткаваньне гэтай даты да сьціплых імпрэзаў у Доме літаратара ці тэатральных залях (калі яшчэ можна было дамовіцца аб іх арэндзе)? Лідэры дэмакратычных партыяў, дзеячы адраджэньня па чарзе адзначалі Дзень Волі ў Празе, прамаўляючы над магіламі Крэчаўскага і Захаркі, у той час як у Менску звыкла арыштоўвалі чарговых маніфэстантаў на чарговай маніфэстацыі пад бел‑чырвона‑белымі сьцягамі. Да пэўнага часу гэта здавалася натуральным і звыклым. Але пасьля Плошчы, дзе купка моладзі здьзейсьніла акт непакоры, пасьля таго, як Казуліна засудзілі на 5 гадоў няволі, калі маладзёнаў пачалі кідаць у турму ўсяго толькі за прыналежнасьць да незарэгістраваных арганізацыяў, падобныя рэчы пачалі ўспрымацца інакш.

Вядома, свабода перасоўваньня ёсьць неад’емнай і натуральнай часткай грамадзянскіх свабодаў. Вядома, так званы сьпіс «Д», паводле якога вядомых палітычных і грамадзкіх дзеячоў на беларускай мяжы надглядаюць, так бы мовіць, па поўнай праграме, распранаючы да трусоў, ёсьць грубым парушэньнем гэтай свабоды й зьдзекам над чалавечай годнасьцю. Аднак, калі пра канфіскацыю грошай альбо нейкай апаратуры памежнікамі ў вядомага грамадзкага дзеяча паведамляюць на дэмакратычным сайце як пра галоўную навіну, ледзь не як пра злачынства супраць чалавечнасьці, гэта спараджае пытаньні. Напрыклад, а ці ня зьбіўся, часам, прыцэл у некаторых дзеячоў апазыцыі? Ці пачалася ў іх абэрацыя зроку?

Значкі ці сымбалі?

Ёсьць і іншыя пытаньні да лідэраў апазыцыі. Чаму БНФ і іншыя партыі разам з іх лідэрамі маўкліва паглядалі на тое, як бел‑чырвона‑белыя сьцягі паступова зьмяняюцца «джынсавай сымболікай», нібыта, больш блізкай і зразумелай моладзі? Нават тэрмін «джынсавая рэвалюцыя» быў ухвалены на высокім узроўні. Прыдумляліся ўсё новыя знакі й значкі з эмблемамі ‑‑ у той час, як гістарычныя сымбалі разам зь беларускай мовай як галоўным сымбалем і набыткам нацыі ўсё больш адыходзілі на маргінэс. І нават калі моладзь выйшла на абарону падручнікаў гісторыі на роднай мове, «вяршынька» дэмсілаў знайшла ўсяго некалькі словаў ухвалы для гэтае акцыі, ясна даючы зразумець. што ў яе ёсьць справы больш важныя.

Больш важнай справаю, як хутка высьветлілася, стала вылучэньне ды адстойваньне прынцыпу «ратацыі лідэра». (Прасьцей кажучы – паруліў, даў паруліць іншаму.) Выглядае, менавіта з гэтай мэтай, а не дзеля таго, каб разабрацца ў тым, што адбылося ў грамадзтве за апошні год, прааналізаваць уласныя памылкі і галоўнае – зразумець, што рабіць далей, склікаецца чарговы кангрэс.

Усё гэта бачыла, не магла ня бачыць тая моладзь, якая выйшла на Плошчу ў 2006‑м.

Прынцып «ювэнільнасьці» тут ні пры чым. Прыналежнасьць да маладога пакаленьня само па сабе нічога ня значыць, нікога не апраўдвае і не дае ніякіх прывілеў. Маладосьць, як вядома, гэта такі недахоп, які хутка выпраўляецца. У палітыцы дзейнічае той самы прынцып, што і ў паэзіі – калі ты пачаў, дык ужо не пачатковец, і пра цябе будуць думаць паводле агульных крытэраў.

Але ёсьць яшчэ адна рэч, якая з узростам толькі расьце – гэта адказнасьць. Большая палова ўдзельнікаў дыскусіі ў ЖЖ выказвае не прэтэнзіі, а жорсткае патрабаваньне да Мілінкевіча, Лябедзькі, Вячоркі, іншых дэмакратычных лідэраў (і моладзевых – таксама!) ‑‑ даць справаздачу перад тымі людзьмі, перад якімі яны выйшлі на Кастрычніцкую плошчу 19 сакавіка. Якім абяцалі пасьля разгону намётавага лягеру працяг барацьбы, стварэньне шырокага руху і шмат чаго яшчэ. Не «дзякуй, сыходзьце!» – такі лёзунг мог быць актуальны яшчэ год таму. А – справаздача. І не ў кулюарах кангрэсу, а на Плошчы.

Гэтая ідэя мне асабіста падаецца ўтапічнай. Нават трошкі наіўнай. Ніхто зь беларускіх дзеячоў яшчэ ніколі не прызнаў сябе вінаватым у тым, што нешта не ўдалося, ці атрымалася ня так, як яны абяцалі. Заўсёды ў гэтым былі вінаватыя іншыя – Лукашэнка, Пуцін, Зімоўскі, Мілінкевіч з Казуліным, Захад...

Я ўпэўнены, што заўтра з вуснаў каго‑небудзь з апазыцыянэраў прагучыць сакрамэнтальнае «палітычна нясьпелая моладзь не разумее…»

Так, моладзь ня хоча шмат чаго разумець. Але яна вучылася ў нас – больш не было ў кога. Так што прэтэнзіі да настаўнікаў.

Нават у самых сьмелых прапановах у ЖЖ не гаворыцца пра тое, што трэба нешта мяняць. Гаворыцца толькі аб тым, калі і куды выйсьці на Плошчу з найменшым уронам для маніфэстантаў. «Каб ня надта білі». Адчуваецца нявер’е ў свае сілы, адсутнасьць ініцыятывы, часам нават адчай. Хто ў гэтым вінаваты?

І якія словы тут могуць дапамагчы?

Толькі справа. Нічога, акрамя справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?