Нягледзячы на прыгавор кіраўніку «Вясны» Алесю Бяляцкаму, арганізацыя будзе працягваць сваю дзейнасць. Пра гэта 2заявіў намеснік Бяляцкага, праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Беларускія праваабаронцы, паводле яго слоў, ацэньваюць прыгавор як «жорсткі, як незаконны і выключна як палітычна матываваны, звязаны як з дзейнасцю Алеся Бяляцкага, так і з дзейнасцю праваабарончага цэнтра „Вясна“ ў цэлым».

«Тое, што адбылося сёння, з’яўляецца пікам палітыкі дзяржавы адносна праваабарончага цэнтра „Вясна“, якую мы назіралі на працягу 15 гадоў існавання арганізацыі. Што таксама ярка падкрэслівае ў прынцыпе стаўленне беларускіх уладаў да праваабаронцаў і няўрадавых арганізацый, да права грамадзян на аб’яднанні і асацыяцыі», — заявіў Стэфановіч.

Паводле яго слоў,

пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года пачалося «сапраўднае паляванне на членаў «Вясны».
«Бясконцыя ўрыванні ў офіс арганізацыі супрацоўнікаў КДБ і міліцыі, правядзенне, як мы цяпер высветлілі, непрацэсуальных аператыўных мерапрыемстваў сведчыць аб тым, што Бяляцкі пераследуецца не таму, што ён учыніў эканамічнае злачынства, а таму, што ён з’яўляўся кіраўніком «Вясны», — заявіў Стэфановіч.

«Я абсалютна згодна з тым, што сказаў Бяляцкі ў апошнім слове. КДБ цудоўна ведаў, чым займаецца „Вясна“.

Ніякую „радыкальную апазіцыю“ праваабарончы цэнтр не фінансуе, тым больш што радыкальнай апазіцыі ў Беларусі няма.
І прыгавор Бяляцкаму я расцэньваю як абсалютна свядомы пераслед Бяляцкага і праваабарончага цэнтра „Вясна“ ў цэлым», — заявіў Стэфановіч.
«Мы, безумоўна, будзем працягваць сваю дзейнасць, будзем працягваць сваю работу, патрабаваць вызвалення Алеся Бяляцкага і іншых палітзняволеных.
Мы цудоўна разумеем, што ў краіне пачынаюцца чарговыя замаразкі, што, магчыма, не ўсе арганізацыі перазімуюць гэтую зіму, але тым не менш сваю дзейнасць мы маем намер працягваць», — сказаў ён.

24 лістапада Бяляцкі быў прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры) і прыгавораны да 4 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падчас суда Бяляцкі растлумачыў, што адкрыў банкаўскія рахункі за мяжой, бо зрабіць гэта ў Беларусі не ўяўлялася магчымым. Праваабарончы цэнтр «Вясна», які ён узначальвае, быў закрыты ўладамі ў 2003 годзе, а на шматлікія спробы праваабаронцаў легалізаваць сваю арганізацыю Мінюст адказваў адмоўна. Грошы, што пералічваліся на рахункі Бяляцкага, выкарыстоўваліся для аказання дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?