Рада Еўропы асуджае прысуд, вынесены 24 лістапада беларускаму праваабаронцу Алесю Бяляцкаму. Пра гэта гаворыцца ў заяве генеральнага сакратара арганізацыі Турб’ерна Ягланда.

«Я рашуча асуджаю суровы прыгавор праваабаронцу Алесю Бяляцкаму, вынесены нібыта за ўхіленне ад выплаты падаткаў, — сказаў Ягланд. — Стаўленне да Бяляцкага з’яўляецца яркім прыкладам пераследу ўладамі арганізацый грамадзянскай супольнасці, асабліва пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года».

Ягланд падкрэсліў, што Бяляцкі павінен быць «вызвалены без усякіх умоў, як і ўсе іншыя палітзняволеныя». Акрамя таго, адзначыў генеральны сакратар Рады Еўропы, не павінна быць перашкод для далейшай дзейнасці Бяляцкага па абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Вызваліць Бяляцкага заклікалі Вялікабрытанія, Германія, ПАСЕ, АБСЕ, Еўрапарламент, Міжнародная федэрацыя правоў чалавека ды інш.

* * *

Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс сёння асудзіў прысуд Бяляцкаму і заявіў, што ён вылучыць Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру. Гэта вельмі важная заява, якая павялічыць шанцы Бяляцкага на атрыманне гэтай важнай прэміі.

* * *

Алесь Бяляцкі — віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» — прыгавораны да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое рашэнне абвясціў 24 лістапада суддзя суда Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка.

Бяляцкі прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). У ходзе суда праваабаронца патлумачыў, што адкрыў банкаўскія рахункі за мяжой, бо зрабіць гэта ў Беларусі не ўяўлялася магчымым. Праваабарончы цэнтр «Вясна», які ён узначальвае, быў закрыты ўладамі ў 2003 годзе, а на шматлікія спробы праваабаронцаў легалізаваць сваю арганізацыю Мінюст адказваў адмовай. Грошы, якія пералічваліся на рахункі Бяляцкага, выкарыстоўваліся для аказання дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?