За год існавання КУП «Баранавіцкі лядовы палац» назапасіў больш за 1,45 млрд рублёў даўгоў. У снежні мінулага года прадпрыемства ліквідавалі і перадалі будынак і маёмасць на баланс гарадскога аддзела па фізічнай культуры, спорту і турызму. На базе ліквідаванага Лядовага палаца была арганізавана Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа па хакеі і спартыўнай гімнастыцы, на плечы якой і леглі даўгі палаца.

На сённяшні момант, па словах дырэктара Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школа па хакеі і фігурным катанні Аляксандра Кузьміча, у спартыўнай ўстановы засталіся даўгі за ацяпленне і электраэнергію на суму 172 млн рублёў. Гэтую суму школа плануе пагасіць ў снежні гэтага года.

З гарадскога бюджэту грошы школа атрымлівала на выплату заробкаў супрацоўнікам, закупку новага абсталявання — канькоў, рыштунку для хакейнай каманды. Доўг жа школа аплачвала за кошт аказання платных паслуг насельніцтву.

«Прыбытак, атрыманы за кошт сеансаў масавага катання, арэнды лёду і памяшканняў, сауны, більярда і кампутарнай залы, трэнажораў, продажу квіткоў на хакейныя матчы — ішоў на пагашэнне даўгоў, то бок школа працавала, практычна нічога не зарабляючы на спартыўна-забаўляльных паслугах, — сказаў IP дырэктар школы. — Спадзяемся, што з будучага года мы зможам ужо выдаткоўваць заробленыя грошы на патрэбы школы».

Паляпшэнне сітуацыі з Баранавіцкім лядовым Палацам — ці не адзінкавы выпадак у краіне. Большасць лядовых палацаў краіны — у вартым жалю стане. Толькі за кастрычнік запазычанасць «Мінск-Арэны» за электрычнасць склала $230 тысяч.

Напрыклад, з пачатку лістапада Брэсцкі лядовы палац перавялі пад бюджэтнае крыло. Раней арэна належала Брэсцкаму хакейнаму клубу і была стратная. Зараз уласнікам стаў аблвыканкам. Акрамя таго, на Брэстчыне арэны ёсць у Пружанах і Кобрыне, а літаральна тыдзень таму хакейная пляцоўка адкрылася ў Івацэвічах. Усе гэтыя палацы стратныя і атрымліваюць фінансаванне з абласнога бюджэту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?