«Беларусь — гэта Афрыка. Мы мяжуем з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікай, і таксама, як буры, з’яўляемся нашчадкамі еўрапейцаў, што некалі каланізавалі Афрыку. Таму мы такія белыя. Ці не, чакайце, што гэта я кажу! Якая Афрыка? Гэта частка Канады! Так-так, не чулі пра такі штат у Канадзе? Таму ў мяне такі дзіўны акцэнт». Для большасці амерыканцаў і неамерыканцаў я першы чалавек з Беларусі, якога яны сустрэлі. І першы чалавек, ад якога яны чуюць пра Беларусь. І хіба што апошні. А таму я магу несці якую заўгодна лухту — ніхто не абвергне мае словы.

За ўвесь час навучання ў Канзасе, я сустрэў хіба што чалавек пяць, якія ведалі пра Беларусь. Здзівіў, нечакана і вельмі прыемна, здзівіў мяне мексіканец Артура, які, пачуўшы адкуль я, пачаў апісваць наш сцяг, прыгадваць прозвішча прызідэнта,
(у яго выходзіла нешта сярэдняе паміж «Цімашэнка» і «Макарэнка»), і распавядаць, што паўднёвыя рэгіёны Беларусі найбольш забруджаныя радыяцыяй. Але гэта нетыповы мексіканец. Яму можна «дараваць» веды пра Беларусь. Вось якая тыповая рэакцыя амерыканцаў на адказ пра маё паходжанне:

— Оўкей... (заўжды яны кажуць «добра» ды ўсміхаюцца, быццам бы зразумеўшы пра што ідзе гаворка. Але не. Калі людзі кажуць «оўкей», значыць яны проста не хочуць цябе пакрыўдзіць сваім няведаннем)

— А дзе гэта? — другое па папулярнасці зваротнае пытанне.

— А дзе гэты штат?.. — ноў коментс. Але і такое пытаюць.

Пра нас ніхто не ведае. І хоць пра гэта я чую на працягу ўсяго свайго свядомага жыцця, з часам нічога не змяняецца. Знаёмы азербайджанец, прадстаўнік постсавецкай эміграцыі, калі пачуў, што я з Беларусі, неверагодна здзівіўся. «Не можа быць! З Беларусі?!» — не верыў ён.

Як потым патлумачыў Эмрах, беларусы, з якімі ён знаёміўся дагэтуль, раскрывалі сваё паходжанне не адразу. Ад пачатку яны казалі, што з Расіі. І потым, калі з чалавекам лепш знаёміліся ды сябравалі, расказвалі, пра свае родныя расійскія бабруйскі, віцебскі і магілёвы.
Яшчэ больш здзівіла азербайджанца Эмраха, што я ведаю беларускую мову. Маўляў, нейкі я не такі, як «старыя» беларусы. (Але ў мяне іншае пытанне: можа ЯНЫ, «старыя беларусы» не такія?)
Крыўдна, што нас не ведаюць нават немцы. Амаль суседзі, але ў іхняй свядомасці мы не беларусы, а «белыя рускія». Гэта я пазней ўцяміў, што для большасці замежнікаў, пасля назвы «Беларусь» трэба яшчэ даваць другую — «Белая Расія».
У многіх мовах мы дагэтуль фігуруем пад старым брэндам «Белая Расія». Гэтую краіну ведаюць кітайцы, японцы, тайцы. Чаму яны не ведаюць Беларусь? Гэта іншае пытанне. Не мне яго вырашаць. Я і без таго адчуваю сябе ледзве не консулам Беларусі ў Канзасе, пераказваючы па колькі разоў на тыдзень гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, тлумачачы, што мы таксама Літва, і што мова наша хоць і не надта падобная да рускай, большая частка насельніцтва карыстаецца пераважна мовай суседняй краіны. Пасля гэтага ўжо колькі разоў даводзілася чуць на вуліцы, як нехта клікаў «Беларус!». Маё імя не запомнілася (ніякімі імёнамі амерыканцаў не здзівіш), але назва невядомай краіны ў цэнтры Еўропы ў галаве адбілася.
Часам мне здаецца, што я распавядаю людзям пра краіну, якой не існуе. Вось я быў адзіным дзіваком, што на «Хатнім парадзе» здымаў з дрэўка адзін сцяг сваёй краіны, і нацягваў на яго іншы. Таксама беларускі.
«Чаму?» — пытаюць. Кажу, што адзін — дзяржаўны (але што мне сорамна за дзяржаву і гэты сцяг сказаць саромеюся. Зусім гэта не самавіта для адзінага прадстаўніка невядомага народа : ). Другі сцяг — нацыянальны, з шматгадовай гісторыяй.

Я вучу людзей прамаўляць «Вітаю», калі яны мяне пытаюць, што кажуць беларусы замест «хэллоў». Але ў колькіх выпадках яны потым змогуць выкарыстаць беларускую вітанку? Я выпраўляю «Беларашу» і «беларашн» на «Беларус» і «беларусіэн», ведаючы, што 90% саміх беларусаў прамаўляюць абодва словы менавіта з коранем «раш». Але калі заходзіць пра дзіцячыя песенкі, я ўжо нічога не магу прыдумаць. «Якую песню ведаюць усе-ўсе-ўсе дзеці ў Нямеччыне? А ў Францыі? А ў Мексіцы?» І 23-гадовыя хлопцы і дзяўчаты ўзгадваюць свае прыпеўкі з садка. «А ў Беларусі?..» Я не ведаю, што нацыянальнага я спяваў у садку. «В лесу родилась ёлочка», «Учат в школе»... Вось гэта жывая традыцыя. У нас захоўваюцца мёртвыя традыцыі: песні, якія спяваюцца толькі на Дажынках, але не па радыё, не за сталом; творы, якія, чытаюцца толькі ў школе, але якія не абмяркоўваюць на тэлебачанні, ды нават не прадаюць у крамах.

Можа дарма я распавядаю пра гісторыю краіны, еўрапейскую архітэктуру ды адметную культуру?.. Можа дарма «гуляю» ў беларуса?.. Калі нічога з гэтага не патрэбна грамадзянам Беларусі, нашто гэта здалося замежнікам?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?