Любоў Кавалёва, маці абвінавачванага ў дапамаганні тэрарызму Уладзіслава Кавалёва, звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай выратаваць яе сына ад вышэйшай меры пакарання. Пра гэта жанчына паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 28 лістапада, за два дні да вынясення прыгавору яе сыну і Дзмітрыю Канавалаву, які абвінавачваецца ва ўчыненні шэрагу тэрактаў, у тым ліку выбуху ў мінскім метро 11 красавіка гэтага года.

«Два месяцы суд стараўся высветліць карціну злачынства. Але назіральнікі і нават пацярпелыя не перакананы, што следства раскрыла карціну злачынства. Мы не перакананы, што злачынства раскрыта. Доказы следства не пераканалі нават пацярпелых», — адзначыла Любоў Кавалёва.

Яна працытавала свой зварот да кіраўніка дзяржавы, у якім, у прыватнасці, гаворыцца: «Я заклікаю вас сказаць сваё апошняе слова: правесці дадатковае і стараннае расследаванне гэтай справы. Не спяшацца з вынясеннем рашэння, падумаць. Я гатова ахвяраваць сабой. Я гатова да таго, каб расстралялі мяне замест майго сына. У нас няма права на памылку. На месцы майго сына мог апынуцца любы чалавек».

* * *

Нагадаем, 14 лістапада намеснік генпракурора Аляксей Стук Папрасіў суд прыгаварыць Канавалава і Кавалёва да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары. Абвінавачанне лічыць, што іх вінаватасць па ўсіх эпізодах пацвярджаецца вывучанымі ў судзе довадамі, абставінаў, якія змякчаюць віну абвінавачваных, не ўстаноўлена. Абвінаваўцы разглядаюць Канавалава і Кавалёва як «выключна небяспечных для грамадства і дзяржавы».

На мінулым тыдні Любоў Кавалёва размясціла ў інтэрнэце петыцыю, у якой просіць міжнародную супольнасць выратаваць ад смяротнай кары абвінавачваных у выбуху ў мінскім метро.

«30 лістапада, — гаворыцца ў петыцыі, — Вярхоўны суд Беларусі вынесе сваё канчатковае рашэнне наконт прыгавору да смяротнай кары майго сына Уладзіслава Кавалёва і яшчэ аднаго маладога чалавека, Дзмітрыя Канавалава. Канавалаў Дзмітрый абвінавачваецца ў арганізацыі тэрактаў 2005 года ў Віцебску, на Дзень Незалежнасці ў Мінску ў 2008 годзе і ў метро Мінска ў красавіку 2011 года. Мой сын, Уладзіслаў Кавалёў, абвінавачваецца ў саўдзеле і неданясенні».

«Усе абвінавачанні грунтуюцца на прызнальных паказаннях, дадзеных на папярэднім следстве пад націскам, ад якіх Уладзіслаў Кавалёў адмовіўся на судзе, — адзначае аўтар петыцыі. — Больш ніякіх важкіх доказаў абвінавачанне не прадставіла — усё пабудавана на здагадках і довадах. Мой сын Уладзіслаў сцвярджае, што Дзмітрый Канавалаў таксама не мае ніякага дачынення да гэтай справы. Я ведаю, што мой сын невінаваты. Таксама лічаць людзі, пацярпелыя ад тэракта, якія прысутнічалі на судзе, і міжнародныя арганізацыі па абароне правоў чалавека».

Любоў Кавалёва просіць усіх неабыякавых людзей «дапамагчы не забіць» яе сына і Дзмітрыя Канавалава, «а замест гэтага — запатрабаваць знайсці тых, хто сапраўды павінен несці адказнасць за ўчыненыя злачынствы».

Жанчына спадзяецца сабраць пад сваёй петыцыяй не менш чым 5 тысяч подпісаў. На гэты момант пад зваротам падпісаліся ўжо больш за дзве тысячы чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?