«Беларусы і расейцы з’яўляюцца практычна адным народам. Гэта аснова нашай палітыкі»... «Расея зацягнула вяроўку вакол шыі і а затым кажа: давайце размаўляць»... «Без усякіх на тое падстаў РФ ужо запісала сябе ў вядучыя цэнтры сілы ў сьвеце. Зьявіліся нейкія імперскія замашкі»... «Нам самае крыўднае, што такія дзеяньні распачала наша саюзьніца...»

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву «Reuters» заявіў, што Беларусь будзе шукаць свой уласны шлях, адмаўляючыся як ад дэмакратыі эўрапейскага ўзору, гэтак і ад глыбейшай інтэграцыі з Расеяй. Ён таксама адкінуў прапановы нармалізацыі адносінаў з Эўразьвязам і заявіў, што гатовы адмовіцца ад усялякіх прэтэнзіяў да Расеі ў выпадку, калі Расея адновіць эканамічную падтрымку Беларусі ў ранейшых памераў.

Аляксандар Лукашэнка сказаў, што ня можа быць нават размовы пра тое, каб Беларусь пагадзілася на «невыканальныя патрабаваньні» Эўразьвязу наконт свабоды СМІ, свабодных выбараў і вяршынства закону, якія летась былі вылучаныя Эўракамісіяй дзеля паляпшэньня адносін ЭЗ і Беларусі.

Спадар Лукашэнка пры гэтым зазначыў, што Беларусь застаецца адкрытай Захаду і блізкай Расеі. Аднак ён назваў цяперашнюю палітыку Расеі ў адносінах да Беларусі непасьлядоўнай і шавіністычнай.

Барбарская акцыя Расеі

Падвышэньне коштаў на нафту і газ спадар Лукашэнка назваў барбарскай акцыяй Расеі, якая будзе каштаваць Беларусі 5 мільярдаў даляраў, што складае да 10 адсоткаў ВУП.

Лукашэнка: «Вельмі балюча, што такія дзеяньні прадпрымае наш саюзьнік, дзяржава, якая зьяўляецца самай блізкай для нас. Расея павінна адмовіцца ад вялікадзяржаўніцкага падыходу і манеры глядзець на нас, як на малодшага брата»

Спадар Лукашэнка заявіў, што Беларусь будзе імкнуцца кампэнсаваць гэтыя страты, перавёўшы на рынкавыя кошты аплату Расеяй арэнды вайсковых аб’ектаў у Беларусі, транзыту тавараў і абарону межаў. Але спадар Лукашэнка настойвае, што Беларусь жадае добрых дачыненьняў з Расеяй, сваім галоўным гандлёвым партнэрам.

Лукашэнка: «Беларускае кіраўніцтва не зрабіла істотных зьменаў сваёй палітыцы. Беларусы і расейцы з’яўляюцца практычна адным народам. Гэта аснова нашай палітыкі. Але мы ня будзем цярпець ані ціск ані падман у нашых дачыненьнях з Расеяй».

Паводле спадара Лукашэнкі, праекту стварэньня саюзу з Расеяй замінае «імпэрскае жаданьне Расеі праглынуць Беларусь», а не ўсталяваць сувязі на базе сувэрэннай роўнасьці дзьвюх дзяржаў.

«Нас немагчыма зламіць»

Спадар Лукашэнка сказаў, што нават калі Расея цалкам спыніць пастаўкі сваёй нафты ў Беларусь, Менск зможа загрузіць свае НПЗ і сваю эканоміку, прыцягнуўшы замежных інвэстараў.

«Нас вельмі цяжка зламіць, нас фактычна немагчыма зламіць, і ніхто нас не паставіць на калені»,‑‑ заявіў А. Лукашэнка ў інтэрвію агенцтву Reuters.

Гаворачы пра ціск Эўразьвязу і ЗША на беларускае кіраўніцтва, якія ўвялі супраць яго і ягонага найбліжэйшага атачэньня візавыя абмежаваньні і пагражаюць замарожваньнем банкаўскіх рахункаў, А. Лукашэнка сказаў:

«Мы заўсёды хочам сядзець зь імі за адным сталом. Як можна замацаваць адносіны ў такой атмасфэры. Гэта падобна на палітыку, якая праводзіцца Расеяй, што зацягнула вяроўку вакол шыі і а затым кажа: давайце размаўляць».

Агенцтва «Ройтэрз» нагадвае, што А. Лукашэнку абвінавачваюць у фальшаваньні выбараў, арыштах апазыцыі, закрыцьці незалежных газэт, і выказвае меркаваньне, што ёсьць мала шанцаў на тое, каб ён памяняў свой бескампрамісны стыль кіраваньня.

На пытаньне Reuters, ці хацелі Вы б наладзіць добрыя стасункі з Захадам, Аляксандар Лукашэнка адказаў, што «заўсёды б хацелі, Мы даўно прапанавалі эўрапейцам тыя сфэры супрацоўніцтва, і тыя шляхі супрацоўніцтва, якія б вывелі нас на ўзровень добрых суседзяў. Але эўрапейцы ня толькі цяпер, але і заўсёды ставілі для нас непрымальныя ўмовы. Нас вельмі цяжка зламаць, нас увогульле немагчыма зламаць, і на калені нас ніхто не паставіць. Паглядзіце на мапу – мы знаходзімся ў цэнтры цывілізаванага сьвету, таму нас складана абыйсьці і аб’ехаць. Вы павінны разумець, калі вы ня хочаце ў сваім доме, ў цэнтры гэтага дому мець напружанасьць, стварыць тэрыторыю, якая была б падобная да Чачні ды яшчэ якой‑небудзь часткі сьвету; а я ўпэўнены, што і эўрапейцам, і расейцам гэта ня трэба, то вы вымушаныя будзеце супрацоўнічаць з намі. Як цывілізаваныя людзі вымушаныя будзеце прызнаць, што ў гэтых самых беларусаў ёсьць такія ж самыя нацыянальныя інтарэсы, як і ў немцаў, брытанцаў ці французаў, чэхаў, палякаў і ўкраінцаў.

«Мы абавязкова выйдзем, вырулім на цывілізаваныя рэйкі»

Прэзыдэнт Беларусі заявіў, што «Эўропа павінна разумець, што мы ‑‑ самая стабільная частка Эўропы. Мы ад вас шмат ня просім, мы гаворым: давайце размаўляць давайце будзем дамаўляцца, і вы ўбачылі б, што беларускае кіраўніцтва, наша краіна – гэта такі партнэр, якога і жадаць больш ня трэба.

Мы абавязкова выйдзем, вырулім на тыя цывілізаваныя рэйкі, якія ўласьцівыя ўсяму сьвету, але патрэбен час. Мы з разрухі выпаўзаем, мы з ямы выходзім…»

«Запатрабуем ад Расеі заплаціць за ўсе паслугі, якія Беларусь аказвала ёй бясплатна»

Лукашэнка: «Нам больш за ўсё крыўдна тое, што такія барбарскія дзеяньні прадпрыняла краіна, наша хаўрусьніца, самая блізкая нам краіна, дзе жыве самы блізкі нам народ. А прэзыдэнт Расеі гаворыць: «Мы хочам рыначных стасункаў». Дык вось зыходзячы з гэтага прынцыпу, з рыначных умоваў мы таксама запатрабуем ад Расеі заплаціць за ўсе паслугі, якія Беларусь аказвала ёй бясплатна. Напрыклад, каб стварыць Расеі ўзброеныя сілы тут, на заходнім кірунку, каб яны выконвалі функцыю, якую цяпер выконваюць беларускія ўзброеныя сілы, Расеі ў цяперашніх цэнах спатрэбілася б 25 мільярдаў даляраў».

«Мы гатовыя адмовіцца ад усялякіх прэтэнзій да Расеі»

Лукашэнка: «Я ўпэўнены, што ў Расеі і ў бізнэсе, і ў палітыцы (паколькі гэта рашэньне не бізнэсмэнаў, а рашэньне палітыкаў), я ўпэўнены, што здаровы сэнс пераможа, і Расея вернецца ў Беларусь да тых прынцыпаў супрацоўніцтва, на якіх яно будавалася. І мы гатовыя да гэтага супрауоўніцтва ў любы дзень,

Мы 10 гадоў з папярэднім кіраўніцтвам Расеі цэгла да цэглы выбудоўвалі нашыя стасункі. І мы ня схільныя быць ініцыятарамі разбурэньня нашых стасункаў… Апошняя заява прэзыдэнта Пуціна ды і ншых урадоўцаў Расеі гавораць пра тое, што яны хацелі б працягнуць саюзьніцкія дачыненьні з нашай краінай. Мы да гэтага гатовыя, але для гэтага патрэбныя канкрэтныя практычныя крокі. З свайго боку мы гатовыя іх зрабіць неадкладна, і адмовіцца ад усялякіх прэтэнзій, пра якія я толькі што гаварыў ‑‑ фінансавых, эканамічных да Расейскай Фэдэрацыі, калі Расея зробіць аналягічна з свайго боку».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?