Кемераўскі журналіст Аляксандар Косьвінцаў зьвярнуўся ў эміграцыйную службу Ўкраіны з просьбай пра палітычны прытулак. Пра гэта паведамляе расейскае «Радыё Свабода».

Як кажа сам Косьвінцаў, ягонае рашэньне пакінуць Расею зьвязанае зь несправядлівымі перасьледамі з боку кемераўскіх уладаў. Паводле ягоных слоў, абвінавачаньні выкліканыя ягонымі «журналісцкімі расьсьледаваньнямі наконт злачыннай дзейнасьці кемераўскага губэрнатара Амана Тулеева».

Цяпер Косьвінцаў знаходзіцца ў Львове, дзе і вырашыў зьвярнуцца з сваёй просьбай у рэгіянальнае аддзяленьне міграцыйнай службы. «Я не зрабіў гэтага ў Кіеве, Данецку ці Луганску, бо там вельмі моцныя прарасейскія настроі й мая заява ня мела б належнага дзеяньня», — заявіў ён.

Да летась Косьвінцаў працаваў галоўным рэдактарам кемераўскай газэты «Российский репортер». Апроч таго, ён узначальваў мясцовае аддзяленьне «Аб’яднанага грамадзянскага фронту» Гары Каспарава.

На пачатку 2006 году губэрнатар рэгіёну Аман Тулееў зьвярнуўся ў пракуратуру з скаргай на Косьвінцава. Тулееў сьцьвярджаў, што на старонках газэты «Российский репортер» публікавалася непраўдзівая інфармацыя, якая дыскрэдытавала мясцовыя органы ўлады.

Як павеламляе Каспаров.Ру, у адной з публікацыяў, якая найбольш выклікала незадаволенасьць уладаў, паведамлялася пра перавозку ядавітых адкідаў золатаздабычы ў вобласьці і растрату мясцовымі чыноўнікамі 150 мільёнаў расейскіх рублёў.

Ад Косьвінцава патрабавалі таксама расказаць пра ягоны ўдзел у акцыях АГФ, піша «Новая газета». Супрацоўнікі пракуратуры патрабавалі ад журналіста паведаміць зьвесткі пра ягоны ўдзел у арганізацыі і прынесьці дакуманты АГФ.

5 красавіка 2006 году першы намесьнік пракурора Цэнтральнага раёну Кемарава Душын напісаў Косьвінцаву ліст з патрабаваньнем зьявіцца ў пракуратуру «для дачы тлумачэньняў пра прычыны невыкананьня рашэньняў суду пра забавязаньне апублікаваць абвяржэньне не адпаведных сапраўднасьці і зьнеслаўляльных для гонару і годнасьці органаў дзяржаўнай улады Кемераўскай вобласьці зьвестак».

Справай журналіста і ягонага выданьня займалася ў тым ліку Ўпраўленьне ФСБ па Кемераўскай вобласьці. Абласная пракуратура праводзіла праверку правільнасьці заснаваньня і дзейнасьці газэты «Российский репортер».

Дзейнасьць газэты неаднаразова правяралася падатковымі ды іншымі кантрольнымі органамі. Ніякіх парушэньняў выяўлена не было. Аднак летась выданьне перастала выходзіць зь фінансавых прычынаў.

Паводле grani.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0