Алесь Белы, фота Сяргея Гудзіліна.

Алесь Белы, фота Сяргея Гудзіліна.

Гісторык Алесь Белы вядомы сваімі даследаваннямі ў галіне картаграфіі. Яшчэ большую славутасць ён набыў дзякуючы традыцыйнай беларускай кулінарыі. Ягоная кніга «Наша страва» ўпэўнена трымаецца ў лідарах продажаў. Аднак галоўны гонар Алеся Белага — аграсядзіба «Марцінова Гусь» на ўскрайку Налібоцкай пушчы. Яна знаходзіцца ва ўтульным месцы на беразе вадасховішча ў вёсцы Люцінка -- маёнтку Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

Карэспандэнт «Нашай Нівы» паразмаўляў з Алесем Белым пра лёс ягонай справы і перспектывы аграэкатурызму ў Беларусі.

«Наша Ніва»: Спадар Алесь, як адбіўся крызіс на агратурызме?

Алесь Белы: Вядома ж, крызіс адбіўся. Асабліва складана стала пад канец года. Але ўсё ж спадзяюся, што ўдасца застацца ў плюсе. Ёсць сядзібы, якія прыпынілі працу, напрыклад, «Над Нёманам», але там прычынай сталі сямейныя абставіны гаспадароў. Наш бізнэс даволі спецыфічны, сядзібу можна лёгка закансерваваць, калі бізнэс не ідзе. Я думаю, што зімой часова закрыюцца многія. Справа ў тым, што канкурэнцыя ўзрасла, зарэгістравацца ў гэтым бізнэсе надзвычай проста. Засталіся і льготныя крэдыты на адкрыццё сядзібы, прычым на ранейшых умовах — пад 5%.

«НН»: Адпачыць у Вашай сядзібе каштуе не танна… Ці карыстаецца яна попытам?

АБ: Большасць кліентаў шукае самыя танныя варыяты, каб можна было прыехаць і напіцца кампаніяй… Ім дастаткова катэджа пад Мінскам, які фармальна, можа, і лічыцца сядзібай, але па сутнасці ёй не з’яўляецца. Мы прапануем іншы падыход. Я бачу перспектыву ў тым, каб прапаноўваць як мага больш разнастайных паслуг. Напрыклад, турыстычныя аўтобусы, якія праязджаюць па трасе, завітваюць на масавы абед. У дадатак прапануем ім анімацыйную праграму. Валожынскі раён, дзе і знаходзіцца «Марцінова гусь», — край, найбольш развіты ў плане аграэкатурызму. Таму нам прасцей каардынавацца. Напрыклад, у мяне няма коней, але ў майго суседа, які за 10 км, ёсць. І мае госці могуць паехаць да яго.

«НН»: Шмат хто кажа, што расійскія турысты літаральна апанавалі Беларусь. На прыкладзе сваёй сядзібы Вы сутыкаецеся з такой з’явай?

АБ: Я атрымліваю проста шалёную колькасць званкоў з Расіі: людзі хацелі б сустрэць у мяне Новы Год. Калі б можна было захаваць усіх гэтых кліентаў, але расцягнуць іх заяўкі па часе, то працы хапіла б на ўвесь год. Навагоднія святы — гэта пік, які працягваецца да канца студзеня. Люты і сакавік — моцны спад, як, зрэшты, і лістапад.

«НН»: Чаму расійцы едуць у Беларусь?

АБ: Сітуацыя з аграэкатурызмам у нашай краіне горшая ў параўнанні з усімі суседзямі, апроч Расіі. Там прапаноў адпачынку мала і яны дарагія. Таму нават з улікам транспартных выдаткаў для масквічоў выгадней прыехаць у Беларусь, чым здымаць катэдж у Падмаскоўі. Прыязджае перадусім сярэдні клас, які, апроч адпачынку, хоча ў якасці бонуса пазнаёміцца з новай культурай. Многія цікавяцца гісторыяй.

«НН»: Ваша сядзіба знаходзіцца ля Налібоцкай пушчы. Наколькі гэта перспектыўнае месца?

АБ: Пушча патэнцыйна вельмі прывабная. Мая мара — стварыць сталы роварны маршрут праз Налібоцкую пушчу. Каб можна было выехаць з Навагрудка ці Любчы, за дзень­два даехаць да Івянца, Валожына ці Ракава. Пакуль што такімі паездкамі займаюцца толькі роварныя фанаты, для якіх галоўнае — хуткасць. А прапаноў для сямейнага адпачынку мала.

«НН»: Хто павінен ствараць умовы для такога адпачынку? І ўвогуле, ці шмат дапамае агратурызму дзяржава?

АБ: Я б не наракаў на дзяржаву, чыноўнікі ставяцца добразычліва. Дапамагаць трэба не бізнэсу, а ўкладаць грошы ў інфраструктуру. Напрыклад, нядаўна ў пушчы ўстанавілі дарожныя знакі. Чыноўнікі паспрыялі таму, каб гэта было па прымальных цэнах. Трэба культываваць раённыя асаблівасці адпачынку, напрыклад, у Палессі, на Браслаўшчыне. У такіх розных рэгіёнах мусяць прадастаўляцца розныя пакеты паслуг.

Колькі каштуе «Марцінова Гусь»?
    Суткі (на 1 чалавека) — $14—17
    Харчаванне (сняданак ці вячэра на 1 чалавека) — $5—6
    Лазня — $25—60
    Дом цалкам — $120—180
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?