Падчас рэспубліканскай экалагічнай акцыі па ўтылізацыі выкарыстаных элементаў сілкавання прыкладна сто ўстаноў адукацыі Беларусі сабралі больш за 55 тыс. адпрацаваных батарэек, паведаміла начальнік аддзела інфармацыі і сувязяў з грамадскасцю Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Алена Пенязь.

Паводле яе слоў, акцыю праводзіў з 21 па 28 лістапада адзін з найбуйнейшых мабільных аператараў Беларусі СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы» ў партнёрстве з гімназіяй № 19 Мінска пры падтрымцы Мінпрыроды. Мэтай акцыі было звярнуць увагу на праблему ўтылізацыі выкарыстаных батарэек і акумулятараў мабільных тэлефонаў, навучыць правільным паводзінам маладое пакаленне. Навучэнцам было прапанавана сабраць як мага больш выкарыстаных элементаў сілкавання, ахвотныя таксама маглі распрацаваць дызайн кантэйнера для збору адпрацаваных батарэек.

Пераможцы рэспубліканскай акцыі будуць аб’яўлены ў агульным і асабістым заліку: «Лепшая школа» і «Лепшы вучань». Апрача таго, будзе вызначаны аўтар лепшага дызайну кантэйнера для збору адпрацаваных батарэек. Узнагароджанне пераможцаў пройдзе 30 лістапада ў экалагічнай гімназіі № 19 падчас інтэрактыўнага ўрока-квеста.

Як зазначыла Пенязь, эколагі даўно занепакоены тым фактам, што выкарыстаныя батарэйкі выкідваюцца з іншым смеццем і ў выніку трапляюць у глебу з іншымі адходамі. Яны наносяць вялікі ўрон навакольнаму асяроддзю: адна пальчыкавая батарэйка забруджвае некалькі кубаметраў зямлі. Паводле слоў Пенязь, у пачатку года Мінпрыроды звярталася з лістамі ў Саўмін наконт гэтай праблемы. У ліку прапанаваных варыянтаў паляпшэння сітуацыі — аб’яўленне рэспубліканскага конкурсу па зборы выкарыстаных элементаў сілкавання сярод устаноў адукацыі. Чакаецца, што ўпершыню такі конкурс Міністэрства адукацыі правядзе ў 2012 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?