«Польшча возьме ўдзел у кампенсацыі арыштаванай маёмасці беларускага праваабаронца Алеся Бяляцкага», — заявіў міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі 29 лістапада на Форуме грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства ў Познані (Польшча).
Такім чынам ён пракаментаваў чуткі аб тым, што польскае пасольства ў Мінску, нібыта, адмовілася браць удзел у выплаце кампенсацыі.

Нагадаем, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі асуджаны на чатыры з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Такое рашэнне абвясціў 24 лістапада суддзя суду Першамайскага раёна Мінска Сяргей Бандарэнка. Праваабаронца прызнаны вінаватым па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры).

Сёння ж на прэс-канферэнцыі ў Познані Сікорскі паведаміў, што нядаўна размаўляў з жонкай Алеся Бяляцкага, і што Польшча спрабуе дапамагчы яго сям’і — але так, каб не нашкодзіць праваабаронцу і яго блізкім.

Па словах кіраўніка польскага МЗС, Польшча асуджае прысуд, вынесены Бяляцкаму. Еўрасаюз, падкрэсліў ён, можа пашырыць спіс неўяздных, уключыўшы ў яго адказных за крымінальны пераслед беларускага праваабаронцы.

Форум грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства праходзіць у Познані 28–30 лістапада. Ад Беларусі ў ім удзельнічаюць 24 прадстаўніка розных грамадскіх арганізацый, а таксама спецыяльна запрошаны госць ад зачыненага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна», лідэр якога Алесь Бяляцкі 24 лістапада быў асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

Многія ўдзельнікі беларускай дэлегацыі былі сёння на форуме у футболках з партрэтамі Бяляцкага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?