У некалькіх вёсках Карэліцкага раёна (Гродзенская вобласць) пабурылі і закапалі ў зямлю будынкі былых крамаў, якія не працавалі ўжо больш за пяць гадоў. Пра гэта ў Рэдакцыю «НН» паведаміў адзін з чытачоў.

«Мы з сябрам хадзілі на паляванне. Праходзілі праз Браносава і пабачылі на месцы былой крамы насып зямлі», — расказвае ён. Такая ж карціна ў вёсцы Маласельцы. Потым, па яго словах, каля іх спыніўся трактар будаўнічай арганізацыі з Мінска. Трактарыст спытаў у іх, як праехаць у вёскі Быковічы і Новае Сяло. Там ён таксама мусіў разбурыць і закапаць у зямлю будынкі пустуючых магазінаў.

Нашага чытача ў гэтай гісторыі зачапіла тое,

што старыя будынкі не далі разабраць людзям, а проста закапалі ў зямлю.
У тым жа Браносаве мясцовы прадпрымальнік хацеў набыць былую краму. Ён займаецца вырабам шклопакетаў, дзвярэй, брамаў і агароджаў. Для вытворчасці арандуе памяшканні былога вясковага клуба. Магазін быў праз дарогу ад цэха. «Хацеў купіць, але задорага прасілі — да крызісу гэта было каля 6 мільёнаў рублёў», — кажа прадпрымальнік Мікалай. Па яго словах, будынкі бурылі нават ноччу — нанятыя рабочыя мусілі справіцца ў сціслыя тэрміны.

У Карэліцкім раённым спажывецкім таварыстве нам патлумачылі,

што гаворка ідзе пра будынкі, якія пустуюць больш за пяць гадоў, а некаторыя і ўсе дзесяць.
«За гэты час у іх павымалі вокны і дзверы. Цяпер іх зносяць згодна з праграмай навядзення парадку на зямлі», — расказалі ў таварыстве. Там запэўнілі, што ў кожным выпадку мясцовым жыхарам прапаноўвалі разабраць будынкі на свае патрэбы. У некаторых вёсках так і зрабілі. А ў вышэйпамянёных паселішчах ахвочых разабраць на цэглу былыя крамы не знайшлося.
Глядзі яшчэ: «Западалі сняжынкі, а ў Карэлічах Дажынкі»
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?