Пра гэта паведаміў галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Сяргей Осіпчык 30 лістапада на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.

Паводле яго слоў, на працягу 2012 года першым этапам плануецца ўкараніць абавязковае сацыяпсіхалагічнае тэставанне навучэнцаў на спажыванне наркотыкаў і алкаголю.

Другім этапам будзе ўкаранёна абавязковае медыцынскае тэставанне.

Як адзначыў Осіпчык, абавязковае тэставанне вучняў старэйшых класаў школ і студэнтаў на ўжыванне наркотыкаў добра сябе зарэкамендавала ў Маскве, наркалагічная служба якой лічыцца эталонам для іншых гарадоў Расіі.

З 2006 па 2010 гады ў Беларусі захворванне непаўналетніх на наркалагічныя расстройствы вырасла на 5% — з 963,5 да 1.011,2 выпадку на 10 тыс. дзяцей. На 1 кастрычніка 2011 года пад назіраннем урачоў-нарколагаў знаходзілася 16 тыс. 814 непаўналетніх, якія ўжываюць алкаголь, наркатычныя ці таксічныя рэчывы. З іх ад наркатычнай залежнасці пакутавалі пяць чалавек, алкагольнай — 23, таксічнай — 35. Алкаголь «са шкодай для здароўя» ўжывалі 16 тыс. 256 чалавек, таксічныя рэчывы — 440, наркатычныя — 55. Сярод дзяцей не адзначана выпадкаў алкагольных псіхозаў, смяротных атручэнняў алкаголем і перадазіровак наркотыкамі.

Як паведаміў Осіпчык, паводле звестак сацыялагічных апытанняў, у 2010 годзе 52,3% навучэнцаў неаднаразова ўжывалі алкаголь, 37,9% — курылі, 11,8% — спрабавалі наркатычныя рэчывы. Галоўны нарколаг таксама выказаў заклапочанасць тым фактам, што ў Беларусі, як і ва ўсім свеце, расце лік дзяўчат і жанчын, якія ўжываюць псіхаактыўныя рэчывы.

У такой сітуацыі неабходна забяспечыць павышэнне адказнасці бацькоў за паводзіны дзяцей і ранняе выяўленне прыкмет ужывання алкаголю і наркотыкаў у дзяцей і моладзі, а таксама павялічыць аб’ём сацыяльнай, у тым ліку антынаркатычнай, рэкламы на тэлебачанні ў прайм-тайм, лічыць спецыяліст.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?