«Прысуд гэтым двум маладым хлопцам сведчыць пра страшную хваробу нашага грамадства — пра абыякавасць.
Абыякавасць не толькі да іншых людзей — абыякавасць да свайго ўласнага лёсу. 17 гадоў нас зневажаюць, збіваюць, абкрадаюць, саджаюць у турмы, кандыдатаў у прэзідэнты кінулі за краты толькі таму, што вырашыліся тут штосьці змяніць —
усім пляваць. Абы не нас!
Дачакаецеся: прыйдуць і па вас! Маральны стан нашага грамадства проста жудасны».

Так у інтэрв’ю «Беларускаму партызану» пракаментаваў вынясенне прысуду Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву, асуджаных да смяротнага пакарання па абвінавачванні ў тэракце ў мінскім метрапалітэне былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў.

Палітык нагадаў, што прысуд «віцебскім тэрарыстам» вынесены яшчэ да таго, як прагучаў прысуд у Доме правасуддзя.

— Па сутнасці, сённяшні прысуд Лукашэнка вынес да суда. У Маскве, калі Лукашэнка падпісваў паперы па Еўразійскаму Саюзу, нехта з журналістаў запытаўся пра далейшы лёс «тэрарыстаў». На што Лукашэнка сказаў: «Мне прыйдзецца вырашаць — караць або мілаваць».

Сёння суд фактычна выканаў рашэнне Лукашэнкі, агучанае яшчэ да заканчэння суду,
 — заявіў Уладзімір Някляеў.

«Гэты прысуд — сведчанне таго, што рэжым не думае аб людзях. Я маю на ўвазе не Канавалава з Кавалёвым. Я маю на ўвазе грамадзян гэтай краіны, якія маюць пэўны вопыт. Напрыклад, досвед Чарнобыльскай катастрофы. Досвед гора, бяды, якую перажылі. Перш чым будаваць яшчэ адну АЭС, якая можа стаць яшчэ адным горам, яшчэ адной трагедыяй для ўсяго народу, трэба было спытаць у людзей — а ці трэба? Ці не пераважаць усе верагодныя і неверагодныя выгады адчуванне бяды?..

Тое ж самае з прысудам гэтым хлопцам. Суд не даказаў на сто адсоткаў іх віну, што ў гэтым выпадку проста неабходна. Гісторыя мае ўжо «віцебскую справу», калі падчас «палявання на ведзьмаў» пацярпелі невінаватыя людзі. На гэта ўсё плююць. І зараз прысуд залежаў не ад следства, не ад суда, не ад адваката, — у

сё залежала ад волі аднаго чалавека, які на сваё меркаванне вырашыў паставіць коску ў прапанове «Пакараць смерцю нельга памілаваць». Не дзеля справядлівасці гэты прысуд выносіўся…

Вельмі страшна думаць пра тое, што нічога не зварухне наша грамадства — так, прабяжыць бліскавіца па вярхах… Пра ўсё забываюць — як забыліся ўжо і аб ахвярах гэтага тэракту. У гэтым прысудзе няма памяці аб ахвярах тэракту — гэта помста, і помста не гэтым двум хлопцам, а помста ўсім нам, — адзначыў Уладзімір Някляеў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?