Ніколі не пісаў фельетонаў. І цяпер не падбяру жанру, каб выказаць захапленне і замілаванне школьнымі сачыненнямі кіроўных двоечнікаў савецкіх СМІ і ўладных агітпрапаўцаў.

Акурат ішла ў мяне спрэчка са старым партызанам наконт «пакутаў у гестапа». Кажу яму: у Беларусі не магло быць ніводнага гестапаўца, бо з першага дня акупацыі гестапа акурат было ліквідавана. Тут дзейнічалі СД, службы Вермахта. Нюанс? Не для гісторыка.

Слухаем па савецкім БТ пра неверагодныя выгоды інтэграцыі — эканамічнай — з Расіяй. Але ж акадэмік Маісееў даказаў, што расійская эканоміка неканкурэнтаздольная ў сусветным падзеле працы: ацяпленне будынкаў, работнікаў, харчаванне, адлегласці і г.д. Тут заўсёды ўдаражаюць тавар параўнальна з папуасамі ці нават тубыльцамі ў Мінску…

У СМІ Беларусі — канец свету: Еўразійскі Саюз! Пытаюся ў прафесарапартызана: гэта яны пра што, пра даўнейшую кнігу Назар¬бая «Еўразійскі Саюз»? Не, кажа, пра Пуціна — аўтара ідэі. Якой ідэі? Назарбаеўскай?

Але размова набывае забаронены змест. Лукашэнка ўхваляе Пуціна як аўтара, а яшчэ больш і саму ідэю «ад Лісабона да Уладзівастока». Пярэчыць — абражаць — крымінал.

А, можа, Захад усё, што адбываецца, разумее? Тады дазвольце назваць крыніцы сённяшняй стратэгіі Пуціна.

«Вялікае аб’яднанне Заходняй Еўропы, лідара тэхналогій і высокай індустрыі, з Сібір’ю, дзе амаль невычэрпныя рэсурсы, дазволіла б стварыць супермагутную рэспубліканскую імперыю, з якой ніхто не пасмеў бы паспрачацца або памерацца сілаю», — гэта цытата з «Азбукі геапалітыкі».

Мэта гэтай «Еўропы ад Дубліна да Уладзівастока» — скрышыць англасаксонскую моц і перамагчы ЗША. Аўтар ідэі — савецкі разведчык, бельгійскі фашыст, сябра ўлюбёнага Гітлерам нацыста Ота Скарцэні — Жан Тырыяр.

Не ўпэўнены, што новая адміністрацыя ў Вашынгтоне будзе падтрымліваць ідэі: «Уз’яднанне Савецкага Саюза магчымае толькі ў працэсе еўрапейскай інтэграцыі. Мы павінны стварыць адзіную еўрапейскую імперыю» і «містычна абумоўленую» канцэпцыю «трэцяй сусветнай вайны СССР супраць ЗША», якая абапіраецца «на перамогу ў тонкім свеце».

Чаму ў аўтарскую канцэпцыю Waffen SS уносяцца ўдакладненні? Крэмль жа паставіў задачу, як некалі КПСС, дагнаць і перагнаць, на гэты раз самую адсталую ў Еўропе, Партугалію! За 50 гадоў. Ну, а Мінск — Маскву, дзе для падтрымкі рубля за тыдзень страцілі гадавы(!) стабілізацыйны фонд.

Камусьці не сядзіцца дома? Усё хочуць або даганяць самых нямоглых, або аб’ядноўвацца з самымі гультаямі… Im Westen nichts Neuеs, пісаў Рэмарк — на Захадзе нічога новага. Real жа Politik. Вафен СС, бельгійскі фашыст, савецкія сімпатыкі, беларускія дурні — усё гэта да месца, каб красці мільярды, не важна, чые: СССР, Беларусі, вайсковага бюджэту, аграгарадкоў, АЭС, золата партбосаў.

Нейкая вектарнасць у нас… ці то капээсэсаўская, ці то проста капо¬ і эсэсаўская?

Але ж — класіка: жыў беларус і будзе жыць. Перажылі партызанку, перажывём і саюзы, савецкія і азіяцкія, і тых, хто нас усё нейкімі вузламі звязвае.

Уладзімір Іскрык нарадзіўся на Слонімшчыне. Пісьменнік, раней ён працаваў у структурах Адміністрацыі прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?