Літоўцы выпусцілі трохтомнік Мілаша, а мы — чатырохтомнік. Плюс том выбраных вершаў, плюс аўдыёкніга.
Цягам 2011 года — Года Чэслава Мілаша — у розных краінах свету ладзіліся імпрэзы памяці паэта, ажыццяўляліся разнастайныя выдавецкія праекты.Беларускія інтэлектуалы не стаялі ўбаку — пабачыў свет шыкоўны чатырохтомнік паэта, ладзіліся навуковыя канферэнцыі і літаратурныя сустрэчы па ўсёй краіне. У чым актуальнасць Мілаша для сённяшняй Беларусі? Адказвае перакладчык Лявон Баршчэўскі.
— Што ўзнікае ў нашай памяці пры згадцы імя Чэслава Мілаша? ЗША, універсітэт Берклі, Нобелеўская прэмія, пантэон у Кракаве — усё для нас вельмі далёкае. Ці наблізіўся Мілаш да нас цягам гэтага юбілейнага года?
— Я б дадаў, што з Мілашам трэба асацыяваць яшчэ такі геаграфічны панятак, як Вялікае Княства Літоўскае. Як Ежы Гедройц, народжаны ў Мінску, казаў, што ён — грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага, так прыкладна пра сябе казаў і Мілаш, народжаны ў літоўскіх Шатэйнях. Гэтая вялікалітоўская ментальнасць, гэтае разуменне свету і ёсць для нас, бадай, самым істотным ва ўспрыманні Мілаша.
— Паэтычную манеру Мілаша паспрабаваў вызначыць Ігар Бабкоў: «голас, які губляе экспрэсію, амаль замярзае, і ў гэты момант на краі прытомнасці вусны пачынаюць вышэптваць важныя праўды». А ў чым для нас гэтыя «важныя праўды» Мілаша?
— Чэслаў Мілаш прамовіў тыя рэчы, якіх не хапала нашай беларускай літаратуры. Ён спрабаваў абагульняць — гэта заўсёды вельмі цяжка. Паэт, як правіла, умее бачыць тонкасці і прыватнасці. І Мілаш умеў, але ён спрабаваў і абагульняць. Ён спрабаваў вызначыць мову, на якой будзе прамаўляць гэты рэгіён. І тут трэба адну агаворку зрабіць: Мілаш роднай лічыў польскую мову і называў гэтую мову адзінай сваёй радзімай. Але ў астатнім ён спрабаваў абагульняць. Якія важныя праўды нам засталіся ад Мілаша? Самае простае, тое, што ляжыць на паверхні, — Мілаш сфармуляваў маральны запавет: што дазволена пісьменніку ў канцы ХХ, у пачатку ХХІ стагоддзя, а што — не. Вось месяц таму быў з’езд так званага Саюза пісьменнікаў Беларусі. Там выступоўцы гаварылі насуперак таму, што пісаў Мілаш у «Маральным трактаце», у «Скутым розуме». Так што ў Мілаша з беларускімі прыўладнымі пісьменнікамі такая завочная выразная гульня «ў контра». Мілаш даваў нам наказ шукаць свабоду, шукаць сваё слова, не паддавацца, не гнуцца. Ягонае жыццё таксама не было простым. Скажам, польская лонданская эміграцыя, якая была вельмі вялікім аўтарытэтам у духоўным жыцці Польшчы, Мілаша збольшага на дух не пераносіла. А ён заставаўся самім сабой, ён сцвярджаў сваё.
— А за што яго палякі не прымалі? За няпольскае паходжанне і несталічную мову, як было калісьці з Адамам Міцкевічам?
— Ну, польская мова ў Мілаша значна лепшая за міцкевічаўскую, яна больш стандартная, яна набліжаецца да сучасных польскіх стандартаў. Не прымалі яго за іншае.
— Калі я чытаю вершы Мілаша, мяне не пакідае ўражанне, што напісаў іх паэт з нейкім
— Мілаш — безумоўна паэт польскай мовы. Ён уваходзіць у такі дыялог са светам, з Богам, з самім сабой, што ў яго мова пачынае адыгрываць ролю ратунку, ён менавіта мовай ратаваўся. У чым Мілаш пайшоў далей за Адама Міцкевіча? У плане ментальным. Міцкевіч быў паэтам ліцвінскім, і калі ён апынуўся ў Францыі на эміграцыі, яму польскія эміграцыйныя палітыкі сказалі, што трэба кінуць паэзію, а пісаць кнігі польскай славы, кнігі польскай памяці. І Міцкевіч пайшоў на гэта, праявіўшы ўласцівую беларусам гнуткасць. Міцкевіч стаў польскім паэтам і польскім прарокам. Мілаш не стаў польскім прарокам. Ён як быў паводле ментальнасці ліцвінам, так да канца сваёй творчасці ім і застаўся. Гэта таксама вельмі цікавы феномен.
— Адзін час Мілаш сумняваўся, ці не вярнуцца яму ў паваенную народную Польшчу. А што было б, каб вярнуўся?
— Магчыма, ён, як і Барыс Пастарнак, зарабляў бы на жыццё перакладамі. Ён быў выдатным перакладчыкам, і за пераклады яго не білі б. Але як паэт і эсэіст Мілаш у народнай Польшчы вельмі шмат страціў бы — для мяне гэта абсалютна відавочна.
— У міжваеннай Вільні Мілаш працаваў на радыё і насуперак указанням ваяводы Бацяньскага (польскага шавініста) даваў у эфір беларускія песні. Мяне здзівіла, што Максім Танк, які таксама сталеў на віленскім бруку, у сваіх дзённіках да
— Я думаю, што галоўная прычына — у асабістых якасцях Максіма Танка. Чалавек ён быў вельмі асцярожны. А Мілаш быў
— А яшчэ Мілаш напісаў «Верш на Свабоду».
— Так, і «Верш на Свабоду», калі згадаць.
— Цягам гэтага года ў розных краінах свету ладзіліся мілашаўскія імпрэзы, памяць паэта ўшаноўвалася рознымі выданнямі. Як на гэтым тле выглядала Беларусь?
— Мілашаўскі год — гэта якраз той рэдкі выпадак, калі мы можам сказаць, што выглядалі годна. Літоўцы выпусцілі трохтомнік Мілаша, а мы — чатырохтомнік. Плюс том выбраных вершаў, плюс аўдыёкніга. Цікава, што калі адну з беларускіх кніг Мілаша паслалі ў Амерыку ягонаму сыну Аляксандру, ён патэлефанаваў выдаўцу і сказаў: «Я раптам успомніў беларускую мову, адчуў яе, я чытаў кнігу і праслязіўся». Мне давялося браць удзел у Мілашаўскіх сустрэчах у Берасці, у Віцебску, і я быў проста ўражаны, як шмат народу на іх збіралася! І слухалі, і задавалі пытанні. Я ўпершыню за гадоў 15, напэўна, змог сустрэцца з такімі вялікімі аўдыторыямі. І Мілаш быў у цэнтры ўвагі. У Берасцейскай абласной бібліятэцы была падрыхтаваная шыкоўная выстава, там былі нават парыжскія выданні. Мы, дарэчы, трохі папоўнілі бібліятэчныя фонды беларускімі выданнямі паэта. Так што ў 2011 годзе Чэслаў Мілаш у Беларусі прагучаў як ніколі.
— А як успрымаецца Мілаш навучэнцамі Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа? Я маю на ўвазе, у кантэксце беларускай літаратуры.
— Нармальна ўспрымаецца. Прыкладам, з тым жа Танкам яны добра суседнічаюць. З ліцэістамі мы, напрыклад, вучылі на памяць мілашаўскую «Песеньку пра парцаляну», а таксама фрагменты з «Маральнага трактату»: «Тых пазбягай, што ў сваім коле, / ў палітыку згуляўшы ўволю, / у цёплым доме пры каміне / крычаць: „Народ!“, а шэпчуць: „Свінні!“ / Гамоняць: „Люд!“, а шэпчуць: „Шэльмы…“/ — мяркую, гэта кепска вельмі… / А хто стаў цынікам свядома, / таго чакае лёс вядомы; / пры кепскіх гульнях не павінны / ільвы расхаджваць з добрай мінай». Хіба гэтыя радкі Мілаша не актуальныя для сённяшняй Беларусі?
Каментары