Аператар Yota 1 снежня пачаў тэставанне сеткі высакахуткаснага інтэрнэту 4G у цэнтры Мінска і Гродна. Пра гэта 1 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску паведаміў генеральны дырэктар ЗТАА «Ёта Бел» Сяргей Бяспалаў.

Паводле яго слоў, сетка Yota працуе па тэхналогіі LTE. Хуткасць перадачы даных да 40 Мбіт/с.

Паводле слоў Бяспалава, на сёння сетка даступная ў цэнтральных і шэрагу прылеглых да цэнтра раёнаў Мінска і Гродна. У сталіцы кампанія разгарнула 29 базавых станцый, у Гродне — дзевяць. У будучыні плануецца пашырэнне пакрыцця ў гэтых гарадах, а таксама запуск сеткі ва ўсіх абласных цэнтрах.

На працягу двух месяцаў, да 1 лютага 2012 года, Yota прапаноўвае бясплатна пратэставаць інтэрнэт 4G. Для гэтага неабходна набыць мадэм Yota коштам 1 млн. 280 тысяч рублёў, праверыўшы зону пакрыцця. Асаблівасцю рэалізацыі праекта з’яўляюцца тэрмінальныя прыборы, распрацаваныя кампаніяй Yota Group з прымяненнем ноу-хау, якія дазваляюць выходзіць у інтэрнэт з персанальнага камп’ютара шляхам іх уключэння ў USB-порт без папярэдняй устаноўкі, якіх-небудзь драйвераў ці праграмнага забеспячэння.

З пачаткам камерцыйнай эксплуатацыі з 1 лютага 2012 года з’явіцца тарыфная лінейка, якая пабудавана на безлімітных прапановах высакахуткаснага інтэрнэту. Першы прапанаваны кампаніяй тарыфны план будзе каштаваць абаненту 350 тысяч рублёў у месяц.

Паводле слоў Бяспалава, кампанія не будзе развіваць сетку ў спальных раёнах гарадоў датуль, пакуль не атрымае дастатковую колькасць заявак ад насельніцтва. Гэта неабходна для апраўдання інвестыцый і падтрымання агульнага ўзроўню рэнтабельнасці сеткі.

Як адзначыў віцэ-прэзідэнт Yota Group Ягор Іваноў, першапачаткова ў Беларусі была запушчана сетка бесправоднага доступу ў інтэрнэт па тэхналогіі WiMAX у Гродне. Але праз некаторы час Мінсувязі звярнулася да кампаніі з прапановай аб пераразмеркаванні частотнага спектра ў адпаведнасці са стандартамі Міжнароднага саюза электрасувязі, што дазволіла Yota развіваць у тым ліку тэхналогію LTE.

«Нягледзячы на неабходнасць дадатковых інвестыцый, мы з разуменнем паставіліся да гэтай ініцыятывы», — адзначыў Іваноў, дадаўшы пры гэтым, што кампаніі фактычна давялося будаваць сетку нанова, заключаць новыя кантракты з пастаўшчыкамі абсталявання.

«У маі гэтага года ў Беларусь напаткалі пэўныя эканамічныя падзеі (дэвальвацыя беларускага рубля. — БелаПАН.), занепакоіліся нашы інвестары, аднак нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы прыйшлі да запуску сеткі. Yota не толькі не згарнула праект запуску сеткі 4-га пакалення LTE, але і зрабіла гэта раней, чым у Расіі, і забяспечыла ўваходжанне Беларусі ў дзясятак краін, якія ўкаранілі найноўшую тэхналогію сувязі», — падкрэсліў віцэ-прэзідэнт Yota Group.

Паводле слоў Сяргея Бяспалава, аператар Yota не плануе развіваць галасавыя паслугі ў Беларусі, бо гэта не прадугледжана ліцэнзіяй Мінсувязі. Кампанія ўжо завезла ў Беларусь больш за дзве тысячы сваіх мадэмаў LTE, аднак адносна колькасці абанентаў кампанія свае планы не раскрывае і называе іх «амбіцыйнымі».

Запланаваны аб’ём інвестыцый у кампаніі і не называюць, спасылаючыся на камерцыйную тайну. Разам з тым прадстаўнікі Yota адзначаюць, што цяпер укладанні вымяраюцца некалькімі мільёнамі долараў.

***

Yota — інтэрнэт-кампанія, якая хутка расце і аказвае паслугі мабільнага інтэрнэту 4G у пяці гарадах Расіі (па тэхналогіі WiMAX): Маскве, Санкт-Пецярбургу, Уфе, Сочы і Краснадары; і ў двух гарадах Беларусі (па тэхналогіі LTE): Мінску і Гродне. Таксама ў Расіі Yota будуе федэральную сетку мабільнай сувязі LTE.

У Беларусі будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю сеткі бесправоднага шырокапалоснага доступу займаецца ЗТАА «Ёта Бел», створаная ў кастрычніку 2008 года.

Long Term Evolution (LTE, 4G) — перспектыўнае (чацвёртае) пакаленне мабільнай сувязі, якое характарызуецца высокай хуткасцю перадачы даных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?