Будынак Рэдакцыі «Нашай Нівы» прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю
А разам з ім — яшчэ амаль 100 пасляваенных збудаванняў Мінска.
Мінгарвыканкам істотна пашырыў спіс помнікаў гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Мінску. У лістападзе ў яго былі ўключаны яшчэ 92 дамы, абсалютная большасць з якіх пабудаваныя пасля вайны. Гэта дамы па вуліцах Якуба Коласа, Кісялёва, Захарава, Камуністычнай, Валадарскага, Камсамольскай і іншых. Цікава, што
ў спіс трапіў будынак, у якім знаходзіцца Рэдакцыя «Нашай Нівы» — па адрасе Казлова, 7.
У ім якраз працягваецца капітальны рамонт, вось толькі ні гісторыкаў, ні іншых спецыялістаў, якія б гарантавалі захаванне будынка, на аб'екце не працуе.
Што азначае ўключэнне ў спіс помнікаў гісторыка-культурнай каштоўнасці? Перадусім, нязменным павінен заставацца фасад будынка.
Хто паспеў устанавіць шклапакеты і спадарожнікавыя талеркі, застанецца з імі, але астатнія рабіць рамонтныя працы такога кшталту ўжо не змогуць.
Раптам узніклая ўвага дзяржавы да будынкаў 1950-ых гадоў здзіўляе грамадскасць. «Гісторык Іван Сацукевіч паказваў складзены ім спіс няўнесеных дамоў у Мінску ХІХ — пер. пал ХХ ст., дык у яго там выходзіла за 200 аб’ектаў. Яны так і засталіся без абароны», адзначае блогер cymus.
«Будынкі ў 1950-ых гадах ствараліся па індывідуальных праектах, на іх прыгожыя элементы дэкору.
Гэта важны перыяд развіцця архітэктуры, такія дамы варта захоўваць», — растлумачыў начальнік упраўлення па ахове
гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.
Nashaniva.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ