Падчас трэніроўкі Брэсцкага гандбольнага клуба імя Мяшкова 3 снежня ў Бітоле (Македонія) адбыўся выбух, паведаміла прэс-служба Беларускай федэрацыі гандбола.
Частку трыбуны вынесла на пляцоўку, памяшканне зацягнула дымам. Ніхто з беларускіх гандбалістаў і прадстаўнікоў трэнерскага штаба не пацярпеў, але трэніроўка была сарваная, брэсцкую каманду экстрана эвакуіравалі. Дэлегат Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі Ёсіп Посавец (Харватыя) праінфармаваў аб інцыдэнце ЕГФ.
БГК прыбыў у Македонію на матч у адказ 1/16 фіналу Кубка Кубкаў супраць каманды «Пелістэр 08». Гульня пачалася ў запланаваны час і завяршылася з лікам 26:25 на карысць берасцейцаў, якія выйшлі ў наступны раўнд (першы матч — 27:20 на іх карысць). За 15 секунд да заканчэння гульні на пляцоўку была кінута петарда.