Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Павел Лёгкі:

Лёгкі: «Мілінкевіч сапраўды такі магутны, што можа сур’ёзна дапамагчы ўладзе?»

Я адказаў, што гэтае пытаньне не да мяне і ў сваю чаргу спытаў суразмоўцу, ці трапіць адкрыты ліст апазыцыйнага палітыка да кіраўніка дзяржавы?

Лёгкі: «Ня ведаю, я ў кіраўніка дзяржавы не пытаўся, ёсьць у яго гэты ліст ці няма. На жаль, у мяне няма магчымасьці спытаць у яго пра гэта. А разважаць пра тое, якая можа быць ягоная рэакцыя, як гэта можа быць успрынята, я, як мінімум, не ўпаўнаважаны».

Дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Віктар Алампіеў называе зварот Аляксандра Мілінкевіча «крокам палітыка»:

Алампіеў: «Нельга сумнявацца ў тым, што калі б улада пайшла на выкананьне патрабаваньняў эўрапейскай супольнасьці (пра гэта гаворыцца і ў звароце Мілінкевіча), дык Мілінкевіч змог бы вырашыць многія пытаньні на карысьць Беларусі. Але разьлічваць, што ўлада вызваліць палітвязьняў, адновіць дзейнасьць незалежных мэдыяў у поўным аб’ёме ды выканае іншыя ўмовы, пакуль што нельга. Толькі яе вялікасьць эканоміка прымусіць уладу шукаць выйсьце. Але гэта будзе трошкі пазьней».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі бачыць у лісьце апазыцыйнага палітыка «моцны піяр‑ход»:

Красуцкі: «Гэта каньюнктурнае рашэньне. Мілінкевіч скарыстаўся сытуацыяй, што склалася ў дачыненьнях Беларусі з Расеяй і магчымых кантактах на эўрапейскім кірунку. Я ня думаю, што ад яго ліста могуць быць сур’ёзныя наступствы. Але гэта крок да атрыманьня палітычных дывідэндаў».

Драматург і журналіст, у мінулым арганізатар масавых акцыяў пратэсту Мікалай Халезін гаворыць, што такі зварот ня мае пэрспэктывы:

Халезін: «На мой погляд, гэта бессэнсоўныя лісты, заклікі. Я ня ведаю такіх дыктатараў, якія пайшлі б на лібэральныя рэформы. Усе згадваюць толькі аднаго Піначэта. Але ж там былі зусім іншыя абставіны таго, што адбывалася. Таму, мне здаецца, нічога з гэтага звароту ня будзе. Тыя арышты, якія былі ўчора, пазаўчора і ідуць усе гэтыя дні, сьведчаць пра тое, што нічога ня зьменіцца. І ніякага памякчэньня дыктату ня будзе».

Радыё Свабода

***

Аляксандр Фядута пракаментаваў Радыё Рацыя адкрыты ліст лідэра аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандра Мілінкевіча да А.Лукашэнкі:

— У сваім лісце да спадара Лукашэнкі Мілінкевіч адзначыў шэраг пэўных умоваў, без якіх дыялог становіцца немагчымым. Насамрэч, сёння Мілінкевіч становіцца менавіта тым, кім ён і павінен быць — ён становіцца лідэрам. Калі б сёння, Мілінкевіч гэты зварот пачаў узгадняць з кіраўнікамі палітычных партый, кожны з якіх мае ўласныя амбіцыі, ён бы ніколі не прыняў гэтага рашэння. Мілінкевіч узяў на сябе адказнасць, таму, менавіта, цяпер яго трэба падтрымліваць.

milinkevich.org

***

Дзіўна чытаць ліст аднаго Сашы другому, памятаючы, што яшчэ год таму гэтыя два чалавекі былі зацятымі праціўнікамі на прэзыдэнцкіх выбарах. Адзін быў ля ўлады і ў любы момант быў гатовы кінуць другога за краты, а ягоных прыхільнікаў зачысьціць сілавымі спэцапэрацыямі.

Дзіўна бачыць у тэксьце слова «спадзяюся», памятаючы пры гэтым, што аўтар ліста зьвяртаецца да чалавека, якога адкрыта абвінавачваюць у зьнікненьні палітыкаў і журналістаў.

Дзіўна чытаць тлумачэньні Мілінкевіча пра тое, што «беларуская апазыцыя ў цэлым канструктыўная», што «ў ейных шэрагах няма радыкальна настроеных грамадзян, якія плянуюць ужыць гвалт для зрынаньня ўлады». Дзіўна чытаць, як лідэр апазыцыі апраўдваецца перад чалавекам, які адправіў яшчэ аднаго канкурэнта на палітычным полі — А.Казуліна — за краты на 5,5 гадоў толькі дзеля асабістай помсты за словы «Саша, дзе грошы».

АФН: Чорны дзень у гісторыі беларускай дэмакратыі

***

Сенатар Мікалай Чаргінец у інтэрв’ю «Gazecie Wyborczej« ён заявіў літаральна наступнае:

— Змест ліста Мілінкевіча ведаю. Калі ў тым, што піша Аляксандр Мілінкевіч мы знойдзем карысныя рэчы, улада адрэагуе пазітыўна, — сказаў Мікалай Чаргінец «Gazecie wyborczej«.

milinkevich.org

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0