Аб’яднаная грамадзянская партыя праводзіць збор ахвяраванняў для дапамогі беларускім палітзняволеным і на падарункі дзецям-сіротам. Самыя буйныя дарыльшчыкі атрымаюць унікальныя творы мастацтва, прэзентацыя якіх адбудзецца 21 снежня ў офісе АГП.
Пра гэта паведаміла прэс-сакратар партыі Ганна Красуліна 5 снежня ў Мінску.

Сабраныя сродкі будуць выкарыстаны для выдання інфармацыйных матэрыялаў, а таксама перададзены ў падтрымку рэпрэсаваных і на калядныя падарункі для дзяцей з інтэрнатаў і дзіцячых дамоў у межах кампаніі «Дапамажы дзецям», якую праводзіць маладзёжнае крыло АГП «Маладыя дэмакраты».

Паводле слоў прэс-сакратара, мэта акцыі — нагадаць людзям «у змрочнай палітычнай сітуацыі пра тое, што бязлітаснасць і зласлівыя пачуцці, на якіх зараз іграе ўлада, не ёсць добра». Красуліна адзначыла важнасць формы такога напамінку. «Усё гэта можа быць яркім. Мы хочам прыўнесці колер. І паказаць, што і ў гэта надвор’е, і ў гэтых умовах можна зрабіць нешта крэатыўна, ярка, цікава», — сказала яна.

«Прэзентацыя карцін адбудзецца 21 снежня ў офісе АГП у 11.00. Гэта будуць чатыры эксклюзіўныя работы, у якасці іх аўтараў выступіць „віп-каманда АГП“ — Станіслаў Багданкевіч, Міхаіл Чыгір, Анатоль Лябедзька, Зінаіда Бандарэнка», — паведаміла Красуліна.

Часткай прэзентацыі стане ўручэнне адной з карцін у якасці ўдзячнасці за буйное ахвяраванне. Прыём ахвяраванняў працягнецца яшчэ два тыдні. За самыя буйныя ахвяраванні будуць уручаны астатнія карціны.

«У маім разуменні, 500 долараў — буйное ахвяраванне.
Улічваючы той факт, што мы запрашаем членаў дыпламатычнага корпуса, мы спадзяемся, што такога ўзроўню ахвяраванняў мы зможам дасягнуць. Гэта не толькі ўнёсак у дапамогу рэпрэсаваным і дзецям, гэта, можа быць, нават укладанне сродкаў, таму што карціны эксклюзіўныя, спадзяюся, гэта будзе рарытэтам у будучай Беларусі», — падкрэсліла Красуліна.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?