Гульцы мінскага «Дынама» — абаронца Ерэ Каралахці і нападнік Джэф Плат — трапілі ў стартавую пяцёрку каманды Сандзіса Озаліньша (Заходняя канферэнцыя) на матчы ўсіх зорак Кантынентальнай хакейнай лігі, які пройдзе ў Рызе 21 студзеня.
Пра гэта паведаміла прэс-служба КХЛ паводле вынікаў галасавання прыхільнікаў хакея.

Сярод абаронцаў Каралахці набраў найбольшую колькасць галасоў — 32.844. Яго партнёрам будзе Максім Чудзінаў з «Северсталі», які заняў другое месца (25.694). Трэці вынік у самога Озаліньша (25.040), чацвёрты — у мінскага дынамаўца Лукаша Крайчака (22.381).

Плат стаў трэцім паводле вынікаў галасавання за нападнікаў (32.717). Партнёрамі хакеіста па пяцёрцы будуць Мікеліс Рэдліхс з рыжскага «Дынама» (34.070) і Вадзім Шыпачоў з «Северсталі» (32.904). Чацвёрты вынік у Збынека Іргла (31.801), шосты — у Тэему Лайне (25.230) — гульцоў беларускага клуба.

Абараняць вароты каманды Озаліньша будзе Канстанцін Барулін з мыцішчанскага «Атланта» (32.706). Кевін Лаланд з мінскага «Дынама» заняў другое месца (30.350).

У каманду Сяргея Фёдарава (Усходняя канферэнцыя) увайшлі варатар Міхаіл Бірукоў («Югра», Ханты-Мансійск), абаронцы Ілья Нікулін («Ак Барс», Казань) і Міка Мяенпя («Амур», Хабараўск), нападнік Яўген Кузняцоў («Трактар», Чалябінск),

беларускі легіянер Аляксей Калюжны («Авангард», Омск)
і Якуб Петружалек («Амур»).

Абаронца зборнай Беларусі і «Аўтамабіліста» (Екацярынбург) Віктар Касцючонак заняў чацвёртае месца, нападнік зборнай і «Югры» Сяргей Дзямагін — сёмае.

5 снежня пачаўся другі этап галасавання за склады каманд. Свой выбар робяць прадстаўнікі СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?