Пракуратура Ленінскага раёна Мінска 6 снежня вынесла чарговае афіцыйнае папярэджанне Уладзіміру Някляеву, кандыдату ў прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, лідару грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Нагадаем, 20 мая суд Фрунзенскага раёна Мінска прызнаў Някляева вінаватым на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) у сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прыгавору на два гады. Палітык павінен рэгулярна адзначацца ў міліцыі, інфармаваць яе пра свае паездкі, вяртацца дамоў не пазней за 22.00. Някляева папярэдзілі, што адтэрміноўка пакарання будзе адменена, калі ён стане дапускаць парушэнні ўстаноўленых для яго правілаў паводзін.

Гэта ўжо трэцяе папярэджанне, вынесенае Някляеву. Першае было атрымана 3 кастрычніка за паездку ў Варшаву на вераснёўскі саміт Усходняга партнёрства. 10 кастрычніка Някляеў атрымаў папярэджанне за ўдзел у апазіцыйнай акцыі «Народны сход», якая адбылася 8 кастрычніка ў сталіцы і шэрагу іншых беларускіх гарадоў.

Гэтым разам, паводле слоў палітыка,

пракуратура ўбачыла парушэнне ў яго паездцы на Дзяды ў Крэва (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці).
«На маю радзіму, на магілы маіх бацькоў, дзядоў і прадзедаў. Такога, каб каралі за ўшанаванне памяці продкаў, яшчэ ў Беларусі не было, — заявіў Някляеў. — Мабыць, двух кандыдатаў у прэзідэнты ў турме для Лукашэнкі падалося мала. Ну, пасадзяць мяне за паездку на магілы продкаў, але гэта рашэнне будзе такое ж незаконнае, як і суд».
Палітык звязвае афіцыйнае папярэджанне з надыходам гадавіны падзей 19 снежня 2010 года,
калі ўлады жорстка разагналі несанкцыянаваны мітынг супраць афіцыйных вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Паводле слоў Някляева,
19 снежня ён абавязкова пойдзе на плошчу Незалежнасці.
«Нават ва ўстаноўленых імі „правілах паводзін“ не напісана, што я не магу ў маім горадзе ў любы дзень быць там, дзе захачу», — падкрэсліў экс-кандыдат.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?