«Адсутнасць эфектыўных і нават зразумелых дзеянняў у адказ на вострыя і па-сапраўднаму лёсавызначальныя пагрозы еўрапейскай бяспецы і супрацоўніцтву вымушае гаварыць і пра крызіс эфектыўнасці і асэнсаванасці (ці рэлевантнасці) АБСЕ» — такую заяву зрабіў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў 6 снежня на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) АБСЕ ў Вільнюсе.

«Наша з вамі арганізацыя ў выніку рэальна рызыкуе застацца на абочыне гістарычнага працэсу.

Рызыкуе — гэта, мабыць, занадта мяккае слова для адэкватнай ацэнкі сённяшняй сітуацыі»,
 — лічыць Мартынаў.

Паводле яго слоў, еўрапейскі рэгіён сутыкаецца з выклікамі і пагрозамі, што нарастаюць. Ён, «па сутнасці, ахоплены шматузроўневымі крызісамі рознай прыроды». Крызіс даўгоў і крызіс фінансавай сістэмы «пагражаюць далейшымі небяспечнымі тэктанічнымі зрухамі ў эканоміцы і фінансах, здольнымі падарваць самі асновы еўрапейскага грамадства».

«Крызіс сацыяльна-эканамічнага становішча мас насельніцтва» справакаваў

«масавыя пратэсты супраць сістэматычнага і грубага парушэння эканамічных і сацыяльных правоў людзей»,
сказаў Мартынаў.

У гэтых умовах, заявіў ён, «рэльефна праявіўся» і крызіс рэакцыі ў адказ урадаў на масавыя пратэсты. «Замест задавальнення патрабаванняў мільёнаў пратэстантаў адказам служаць у лепшым выпадку меры па ўзмацненні жорсткасці іх эканамічнага становішча, рэквізаванні іх даходаў для аплаты памылак фінансава-эканамічнай палітыкі, а ў шэрагу выпадкаў і жорсткае сілавое падаўленне маніфестантаў, уключаючы вадамёты пры тэмпературах у зоне замярзання, гумавыя кулі, слязісты газ, арышты і судовыя прыгаворы», — заявіў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Беларусі.

Паводле яго меркавання, існуе крызіс і ў ваенна-палітычнай сферы.

«Хоць ніхто з нас пра яго гучна не гаворыць»,
 — дадаў Мартынаў. «Ужо шмат гадоў не атрымліваецца дамагчыся прагрэсу ў вырашэнні патавай сітуацыі вакол рэжыму кантролю над звычайнымі ўзбраеннямі ў Еўропе, — сказаў дыпламат. — Аднабаковае разгортванне еўрапейскай супрацьракетнай абароны здольна нанесці новы і вельмі сур’ёзны ўдар па сістэме кантролю над узбраеннямі ў Еўропе. Такі захад небяспечны прамымі і пагражальнымі наступствамі для ядзернай бяспекі кантынента і ўсёй сістэмы кантролю над стратэгічнымі наступальнымі ўзбраеннямі».

Міністр заявіў, што АБСЕ практычна нічым не адказала на гэтыя выклікі. «На жаль, і дзейнае старшынства АБСЕ (Літва. — БелаПАН.) сёлета не змагло забяспечыць адэкватны нявырашаным выклікам парадак дня», — дадаў ён.

«Намі і нашымі партнёрамі неаднаразова прапаноўваліся рашэнні па рэфармаванні АБСЕ, ператварэнні яе ў сапраўдную і магутную міжнародную арганізацыю раўнапраўных удзельнікаў. Аднак гэтыя прапановы гадамі блакуюцца, — сказаў Мартынаў. — Сёння асабліва дарэчы, напрыклад, успомніць, што Беларусь і шэраг іншых краін гадамі, дзесяцігоддзямі дамагаліся значна большай увагі з боку АБСЕ якраз у дачыненні да эканамічнага кошыка, які так небяспечна „выстраліў“ цяпер на кантыненце —

і атрымлівалі ў адказ дзяжурныя адгаворкі».

«Ёсць разуменне і таго, якімі метадамі нельга вырашыць праблемы. Метадамі двайных стандартаў. Метадамі некансэнсусных працэдур. Метадамі націску, шантажу, пагроз і санкцый. На жаль, сённяшнія выступленні часткі дэлегацый, якія актыўна прымяняюць менавіта гэтыя метады да тых, хто мае смеласць адстойваць уласную, незалежную пазіцыю, пераканаўча паказваюць, што цяперашні СМЗС наўрад ці стане такім выключэннем», — заявіў Мартынаў, выступленне якога апублікавана на сайце беларускага знешнепалітычнага ведамства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?