Беларусь і Турцыя гатовы да падпісання пагаднення аб бязвізавых паездках грамадзян.
Пра гэта заявіў турэцкі пасол Джават Незісі Азкая 7 снежня на сустрэчы са старшынёй савета рэспублікі Анатолем Рубінавым.

Дыпламат паведаміў, што сустрэча міністраў замежных спраў дзвюх краін планавалася 6 снежня, але ў гэтыя дні кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў знаходзяцца на форуме АБСЕ ў Вільні.

Мяркуецца, што кіраўнік МЗС Турцыі наведае Беларусь у студзені ці лютым наступнага года. Азкая зазначыў, што «гэта вельмі важнае пагадненне». Ён сказаў, што ў прынцыпе для беларусаў праблемы не існавала, бо яны атрымлівалі візы ў турэцкіх аэрапортах, «але тут вельмі важны псіхалагічны момант». «Для Беларусі Турцыя — гэта турыстычны напрамак № 1. Гэта вельмі важны момант, таму што ўсё пачынаецца з кантактаў паміж людзьмі», — сказаў пасол. Паводле яго інфармацыі, па колькасці іншаземцаў, якія наведваюць Беларусь, грамадзяне Турцыі знаходзяцца на трэцім месцы.

«У нас склаліся вельмі добрыя адносіны, няма ніякіх супярэчнасцяў ні ў палітыцы, ні ў эканоміцы. Вектар развіцця вельмі станоўчы. Пастаянна нарошчваецца патэнцыял эканамічнага супрацоўніцтва», — заявіў у сваю чаргу Рубінаў. Ён зазначыў, што кіраўнікі дзвюх краін паважліва ставяцца да таго, што адбывацца ў краіне-партнёры. «Павага да права дзяржавы развівацца па ўласным шляху з’яўляецца асновай для плённага супрацоўніцтва на міжнароднай арэне», — падкрэсліў спікер савета рэспублікі.

Ён канстатаваў наяўнасць неблагіх адносінаў паміж парламентарыямі дзвюх краін і заявіў, што ў Беларусі чакаюць з візітам кіраўніка Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі. З 1992 года візіту такога кшталту ў Мінск не ажыццяўлялася.

Дыпламат пагадзіўся з тым, што Рубінаў сказаў пра беларуска-турэцкія адносіны. «Турцыя ганарыцца тым, што была першай краінай, якая прызнала незалежнасць Беларусі», — заявіў ён і нагадаў, што 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і Турцыяй будзе адзначацца ў наступным годзе. Азкая паведаміў, што турэцкія інвестыцыі за гэты перыяд перавысілі 1 млрд. долараў.

Беларуска-турэцкі тавараабарот у 2010 годзе склаў 362,2 млн. долараў, за дзевяць месяцаў 2011 года — 308,4 млн. Беларускі экспарт сёлета перавысіў 80 млн. долараў, імпарт з Турцыі — 228 млн.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?