155 гадоў таму ў гэты самы дзень 9 лютага 1852 году у Менску ў гарадзкім тэатры адбыўся першы паказ спэктакля паводле п’есы Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча «Сялянка». З гэтай падзеі пачынае свой адлік гісторыя беларускага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва.

І надрукаваць, і паставіць п’есу «Сялянка» (другая яе назва – «Ідылія») было няпроста. Перадусім, з гледзішча мовы, бо бальшыня пэрсанажаў твору ўпершыню загаварылі па‑беларуску (ці, як тады казалі, па‑мужыцку) паны ж гаварылі звыклаю польскаю мовай. І «каб не пашыралася беларуская нацыянальная зараза» наклад кнігі быў абмежаваны. А ад публікацыі да пастаноўкі прайшло яшчэ цэлых 6 гадоў. Дуніну‑Марцінкевічу трэба было стварыць трупу, якая магла б сыграць і па‑беларуску, і па‑польску, а таксама магла адначасна быць пераканаўчай і ў драматычных, і ў оперных, і балетных сцэнах. У склад трупы ўвайшлі болей як 20 чалавек, сярод іх і сам Дунін‑Марцінеквіч і дзьве ягоныя дачкі. Хор быў падрыхтаваны зь сялянаў Люцынкі, а музыку напісалі Станіслаў Манюшка і Канстанцін Кржыжаноўскі.

Да прэм’еры была замоўлена адмысловая афіша, якая зьявілася першай тэатральнай абвесткай на беларускай мове. У той дзень, на які была прызначана прэм’ера – 9 лютага 1852 году – прыйшоў загад аб забароне спэктакляў на «простонародном языке». Але паколькі мясцовыя ўлады раней далі дазвол на пастаноўку, то спэктакаль усё ж адбыўся, а чуткі пра забарону яшчэ болей падагрэлі інтарэс публікі. Заля была перапоўненая, спэктакль меў неверагодны посьпех... Асаблівае захапленьне выклікала выкананьне ролі Навума Прыгаворкі самім Дуніным‑Марцінкевічам, а таксама масавыя і опэрныя сцэны.

Далейшы лёс спэктакля склаўся драматычна. Забарона даваць паказы на «простанароднай мове» дзейнічала, і спэктакль трупа паказвала нелегальна ў прыватных кватэрах ці дамах у Менску, Бабруйску, Слуцку, Глуску аж да 1855 году.

Вось так пачалася гісторыя беларускага нацыянальнага сцэнічнага мастацтва.

І праз крыху болей як 130 гадоў тыя падзеі набылі свой нечаканы працяг. Зноў жа і радасны, і драматычны.

Спачатку – пра драматычны. У пасьлядоўнай працы разбурэньня гістарычнага цэнтру Менску у 1986годзе дайшла чарга і да гістарычнага будынку гарадзкога тэатру. Тады ўпершыню беларуская моладзь (пераважна гадаванцы мастацкай вучэльні імя Аляксея Глебава) з транспарантам «Руйнуюць помнік беларускай культуры» выйшла абараняць тэатр. Але не дапамагло. Будынак зруйнавалі, а моладзь (болей за дзесяць чалавек) жорстка зьбілі й кінулі ў пастарунак. А яшчэ праз 20 гадоў на месцы будынку, дзе пачалася гісторыя нацыянальнага тэатру, збудавалі новы гатэль.

А радасным працягам тых 155‑гадовай даўніны падзеяў стала пастаноўка ў 1993 годзе на сцэне Тэатра імя Янкі Купалы ўжо сьпісанай тэатразнаўцамі ў архіў п’есы Вінцэнта Дуніна‑Марцінкевіча «Сялянка». Спэктакль пад назовам «Ідылія» ў пастаноўцы рэжысэра Мікалая Пінігіна і сцэнографа Зіновія Марголіна вызначыўся вострай сучаснай мастацкай формай і ва ўмовах адраджэньня цікавасьці да беларускай мовы і культуры меў вельмі актуальнае гучаньне. Пастаноўка захоўваецца ў рэпэртуары аж да сёньня, хоць і згубіла сваю першапачатковую мастацкую вартасьць. Прычынаю актор Віктар Манаеў называе няўмольны час і незацікаўленасьць тэатру ў аднаўленьні пастаноўкі...

(Манаеў) «Гэта ўжо зусім ня тая «Ідылія», якая была. Пайшлі з жыцьця першыя выканаўцы роляў – Юры Авер’янаў, Анатоль Луцэвіч, Ліля Давідовіч. Іншы артыст іграе галоўную ролю Караля Лятальскага. Спэктакль быў пастаўлены для Віталя Рэдзькі і Зоі Белахвосьцік. Рэдзька не працуе ў тэатры амаль ужо 6 гадоў. А рэжысэр, які паставіў спэктакаль працуе ў Пецярбурзе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?