10 снежня на тэрыторыі сталічнага заапарка адкрыецца першы дэльфінарый «Нема».

Як паведаміў намеснік дырэктара дэльфінарыя Антон Рубцоў, першае прадстаўленне адбудзецца, а 12-й. Спецыялісты раскажуць пра насельнікаў дэльфінарыя — марскіх коцікаў і дэльфінаў, іх фізіялогію, асаблівасці паводзін, характар. Затым марскія сысуны пакажуць шоу, падчас якога яны будуць маляваць беларускі сцяг, танцаваць, гуляць з мячыкам.

У дэльфінарыі «Нема» чатыры ціхаакіянскія дэльфіны, два паўночныя марскія коцікі і марское львяня.

Памяшканне дэльфінарыя можа змясціць 700 наведнікаў. Акрамя прадстаўленняў, якія плануецца праводзіць тры разы на дзень (акрамя панядзелка), за асобную плату ахвотныя змогуць сфатаграфавацца або паплаваць з дэльфінамі.
Прадстаўнік «Нема» чакае, што запатрабаванай таксама будзе паслуга дэльфінатэрапіі,
якая рэкамендаваная дзецям з рознымі парушэннямі развіцця і паводзін (ДЦП, ранні дзіцячы аўтызм, сіндром дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці, сіндром Даўна і інш.) Дэльфінатэрапія будзе праводзіцца пры ўдзеле двух дзіцячых псіхолагаў.

Будаўніцтва ўкраінскай кампаніяй «Нерум» першага ў Мінску дэльфінарыя выклікала занепакоенасць грамадскасці адносна ўмоваў утрымання жывёл.

Дацэнт кафедры гуманітарнага факультэта БДУ, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Сыкала заявіў, што для гарантыі добрых умоваў утрымання жывёл у дэльфінарыі ў мінскім заапарку, а таксама на іншых падобных аб’ектах у сталіцы неабходны кантроль не толькі гарадскіх уладаў, але і прафесіяналаў і эколагаў.

Дырэктар заапарка Юрый Рабаў запэўніў, што дэльфінарый адпавядае еўрапейскім нормам і дасць магчымасць забяспечыць камфортныя ўмовы жыцця марскім сысунам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?